Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ПАЕЗДКА Ў ПАЛЕССЕ

ПЕРШЫ ДЗЕНЬ

Выгляд велізарнага, увесь небасхіл абдымаючага, бору, выгляд «Палесся» напамінае выгляд мора. І ўражанні ім узбуджаюцца тыя-ж; тая-ж першабытная, некранутая сіла рассцілаецца шырока і дзяржаўна перад тварам гледача. З нетры векавых лясоў, з бессмяротнага лона вод падымаецца той-жа голас: «Мне няма да цябе справы, — гаворыць прырода чалавеку: — я царую, а ты клапаціся аб тым, каб не памерці». Але лес аднастайнейшы і сумнейшы за мора, асабліва сасновы лес, заўсёды аднолькавы і амаль бясшумны. Мора грозіць і лашчыць, яно іграе ўсімі фарбамі, гаворыць усімі галасамі; яно адлюстроўвае неба, ад якога таксама вее вечнасцю, але вечнасцю як быццам нам нечужой… Нязменны, змрочны бор панура маўчыць або вые глуха — і калі бачыш яго яшчэ глыбей і непераможней пранікае ў сэрца людское ўсведамленне нашай нікчэмнасці. Цяжка чалавеку, істоце адзінага дня, учора народжанаму і ўжо сёння асуджанаму на смерць, цяжка яму зносіць халодны, безудзельна накірованы на яго позірк вечнай Ізіды; не адны смелыя надзеі і мары маладосці прыміраюцца і гаснуць ў ім, ахопленыя ледзяным дыханнем стыхіі; не — уся душа яго нікне і замірае; ён адчувае, што апошні з яго братоў можа знікнуць з твара зямлі — і ні адна іголка не здрыганецца на гэтых галінах; ён адчувае сваю адзіноту, сваю слабасць, сваю выпадковасць — і з таропкім, тайным сполахам вяртаецца ён да дробных клопатаў і прац жыцця; яму лягчэй на гэтым свеце, ім самім створаным, тут ён дома, тут ён асмельваецца яшчэ верыць у сваё значэнне і ў сваю сілу.

Вось якія думкі прыходзілі мне ў галаву некалькі год таму назад, калі, стоячы на ганку пастаялага дворыка,