Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ТРЫ ПАРТРЭТЫ

«Суседства» з’яўляецца адной з важнейшых непрыемнасцей вясковага жыцця. Я ведаў аднаго валагодскага памешчыка, які пры ўсякім зручным выпадку, паўтараў наступныя словы: «дзякуй богу, у мяне няма суседзяў» — і, прызнаюся, не мог не зайздросціць гэтаму шчасліваму чалавеку. Мая вёсачка знаходзіцца ў адной з многалюднейшых губерняў Расіі. Я акружаны вялікім мноствам суседзяў, пачынаючы з шаноўных і з добрым намерам памешчыкаў, апранутых у раскошныя фракі і раскошнейшыя камізэлькі, — і канчаючы заўзятымі гулякамі, якія носяць венгеркі з доўгімі рукавамі і так званым «фімскім» вузлом на спіне. У ліку ўсіх гэтых дваран выпадковым чынам адкрыў я, аднак, аднаго вельмі ласкавага чалавека: ён раней служыў на ваеннай службе, пасля вышаў у адстаўку і пасяліўся на векі-вечныя ў вёсцы. Па яго расказах, ён служыў два гады ў П-м палку; але я зусім не разумею, як мог гэты чалавек выконваць які-небудзь абавязак, не толькі на працягу двух год, але нават на працягу двух дзён. Ён нарадзіўся «для жыцця мірнага, для вясковай цішыні», гэта значыць для гультайскага бясклопатнага гібення, якое, заўважу ў дужках, не пазбаўлена вялікага і невычэрпнага хараства. Ён карыстаўся вельмі вялікім багаццем: не клапоцячыся надта аб гаспадарцы, пражываў каля дзесяці тысяч рублёў у год, дастаў сабе надзвычай добрага повара (мой сябра любіў добра паесці); выпісваў таксама сабе з Масквы навейшыя французскія кнігі і часопісы. Па-руску-ж чытаў ён адны толькі данясенні свайго прыказчыка, і то з вялікай цяжкасцю. Ён з раніцы (калі не ехаў на паляванне) да абеду і ў час абеду не пакідаў халата; перабіраў якія-небудзь мастацкія рысункі, а то ішоў на стайню або ў малацільны сарай і пасмейваўся з бабамі, якія пры ім узмахвалі цапамі, як