Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Што, не пабіў? — запытаўся ў яе Пятровіч, седзячы, увесь згорблены, на прызбе, калі яна з ім параўнялася. Аўдоцця моўчкі прайшла міма. — Бач, не пабіў, — сказаў паціху стары, усміхнуўся, усклудлачыў бараду і панюхаў табаку.

Акім выканаў свой намер. Ён уладзіў наспех свае справы, і праз некалькі дзён пасля пераданай намі размовы, зайшоў, апрануты па-дарожнаму, развітацца са сваёй жонкай, якая пасялілася да часу ў флігельку панскага дома. Развітанне іх прадаўжалася нядоўга… Кірылаўна, якая тут-жа напаткалася, параіла Акіму з’явіцца да пані; ён з’явіўся да яе. Лізавета Прохараўна прыняла яго з некаторай збянтэжанасцю, але ласкава дапусціла яго да рукі і запыталася, куды ён мае намер ісці? Ён адказваў, што перш пойдзе ў Кіеў, а адтуль, куды бог дасць. Яна пахваліла яго і пусціла. З таго часу ён вельмі рэдка паказваўся дадому, хоць ніколі не забываўся прынесці пані просвірку з вынятым заздраўным… Затое ўсюды, куды толькі сцякаюцца багамольныя рускія людзі, можна было ўбачыць яго пахудзелы і пастарэлы, але ўсё яшчэ прыстойны і прыгожы твар: і ля ракі св. Сергія, і ля Белых берагоў, і ў Опцінай пустыні, і ў аддалённым Валааме; усюды бываў ён…

У гэтым годзе ён праходзіў міма вас, у радах безлічнага народа, які ішоў крэсным ходам, за абразом багародзіцы ў Карэнную; у наступны год вы заставалі яго сядзячым з клункам за плячыма, разам з іншымі вандроўнікамі, на паперці Нікалая цудатворцы ў Мцэнску… у Маскву ён з’яўляўся амаль кожную вясну…

З края ў край блукаў ён сваім ціхім, нетаропкім, але няспынным крокам — кажуць, ён пабываў у самім Іерусаліме… Ён здаваўся зусім спакойным і шчаслівым, і многа гаварылі пра яго набожнасць і пакорлівую мудрасць тыя людзі, якім удавалася з ім гутарыць.

А Навумава гаспадарка ішла, між іншым, як нельга лепш. Спрытна і растаропна ўзяўся ён за справу і, як кажуць, крута пайшоў угару. Усе ў акалотку ведалі, якімі сродкамі дастаў ён сабе пастаялы двор, ведалі таксама, што Аўдоцця аддала яму мужавы грошы: ніхто не любіў Навума за яго халодны і рэзкі нораў… з дакорам расказвалі пра яго, быццам ён аднойчы самому Акіму, які папрасіў у яго пад акном міласціну адказваў, што бог, моў, падасць, і нічога не вынес яму; але ўсе згаджаліся, што шчаслівей за яго чалавека