Старонка:Выбраныя апавяданні (Тургенеў, 1947).pdf/44

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Не ў тым справа, — запярэчыў Акім, крыху памаўчаўшы: — а што мы будзем рабіць з табой? Дома ў нас цяпер няма… грошай таксама…

— Як-небудзь пераб’емся, Акім Сямёныч; Лізавету Прохараўну папросім, яна нам дапаможа, мне Кірылаўна абяцала.

— Не, Арэф’еўна, ты ўжо сама яе прасі разам са сваёй Кірылаўнай; вы-ж аднаго поля ягадкі. Я вось што табе скажу: ты тут заставайся, з богам: я тут не застануся. Добра, што ў нас дзяцей няма, а я адзін можа не прападу. Адна галава не бедна.

— Што-ж ты, Сямёныч, хіба зноў у возчыкі пойдзеш?

Акім горка засмяяўся.

— Добры я возчык, нечага сказаць! Вось, знайшла малайца. Не, Арэф’еўна, ды гэта-ж не тое, што, к прыкладу сказаць, ажаніцца: на гэту справу стары не прыгодзен. Я толькі тут не хачу заставацца, вось што; не хачу, каб на мяне пальцамі тыкалі… разумееш? Я пайду грахі свае адмольваць, Арэф’еўна, вось я куды пайду.

— Якія-ж твае грахі, Сямёныч, — нясмела сказала Аўдоцця.

— Аб іх вось, жонка, я сам ведаю.

— Ды на каго-ж ты мяне пакінеш, Сямёныч? Як-жа я без мужа жыць буду?

— На каго я цябе пакіну? Эх, Арэф’еўна, да чаго ты гэта гаворыш, дапраўды. Вельмі табе патрэбен такі муж, як я, ды яшчэ стары, ды яшчэ апустошаны. Як-жа! Абыходзілася раней, абыйдзешся і надалей. А дабро, якое яшчэ ў нас засталося, вазьмі сабе, ну яго!..

— Як хочаш, Сямёныч, — са смуткам прагаварыла Аўдоцця: — ты лепш ведаеш.

— То-та. Толькі ты не думай, што я сярдую на цябе, Арэф’еўна. Не, чаго сердаваць, калі ўжо таго… Раней трэба было спахапіцца. Сам я вінен — і пакараны. (Акім уздыхнуў.) — Любі катацца, любі і саначкі вазіць. Гады мае старыя, час аб душы сваёй падумаць. Мяне сам гасподзь уразуміў. Бачыш, я, стары дурань, з маладой жонкай хацеў радасна пажыць. Не, брат-стары, ты раней памаліся ды ілбом аб зямлю пастукай, ды пацярпі, ды папасці… А цяпер ідзі, матуля мая. Змарыўся я надта, пасплю крыху.

І Акім расцягнуўся, крэкчучы, на лаўцы.

Аўдоцця хацела было штосьці сказаць, пастаяла, паглядзела, адвярнулася і пайшла… Яна не чакала, што так лёгка ёй усё пройдзе.