Старонка:Ветразі (1929).pdf/85

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

НА МАГІЛУ ПАЎЛЮКА ТРУСА

Мо‘ ня ведаў ніхто,
І краіна ня ведала
Тэй хвіліны,
Як вецер таполі нагнуў,
Як адвечны закон
Найвялікшай трагедыі
Рыхтаваў табе дзесьці труну.

І ня чулі азёры твае многаводныя,
Што апошнюю хвілю
Гадзіньнік прабіў…
Несьлі хмары кудысь
Свае сьлёзы халодныя,
І узрыды халоднай жальбы.

А сягоньня краіне
Вось вестку трагічную
Тэлеграф аб табе перадаў…
Нават жорсткі бэтон
Пад сырэны фабрычныя
Над пясьнярскай труной зарыдаў.