Старонка:Ветразі (1929).pdf/74

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

РАСТРАТЧЫК

Скрозь электрычныя агні
Цягнік на поўдзень мераў мілі…
А восень прала туманы,
Ды ткала жоўтыя тканіны.

Агульнай ростані імпэт
Пераганяў начныя цені…
Праз вокны кожнага купэ
Глядзелі розныя імкненьні.

Адзін пакінуў дзесьці грым,
Другі сямейныя клапоты,
А трэці вёз у дальні Крым
Свае няшчасныя сухоты.

Яму так дораг наш пэйзаж
І колер восенскіх настурцый…
…Сухоты здаў-бы у багаж,
Каб да кагосьці зноў вярнуцца.

І нават сонныя агні
Яго тугою затужылі…
Аб розных дзівах на зямлі
Тут разважалі пасажыры.