Старонка:Ветразі (1929).pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А час адно дваім наканаваў:
І той, і той нарэшце паваліўся.

Адзін ідзе, як мокрае гарыць,
Другі бяжыць уперад без аглядкі…
Ну той датлеіць,
Гэты дагарыць, —
Канец заўсёды сыйдзецца з пачаткам.

Ну, што-ж?!
Ваўчок заўжды застанецца ваўчком,
А чалавек заўсёды чалавекам…
Усім зямля нябачаным ключом
Замкне навекі вечныя павекі.

Але-ж якое шчасьце дагарэць,
А не сатлець бяз попелу і жару.
Той шлях ніхто ніколі не сатрэ,
Дзе сапраўды у творчасьці згаралі.

Якое шчасьце сёньня працаваць, —
Ды мець душу заўсёды маладую…
Няхай сабе няскончаны палац,
Другія рукі дабудуюць.

З нас кожны, кожны сёньня інжынэр.
Для нас пасыўнасьць сёньня невядома, —
Мы на канве,
Нябачанай канве.
Штодзенна творым пляны пабудовы.

1929 г.

|}