Старонка:Ветразі (1929).pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

КІНЬ, ТЫ, КІНЬ…

Кінь, ты, кінь дарагія каралі,
Скінь з брывей цьмяна-восенскі грым.
Дай руку, і ў шалёным запале
Ці атруцім жальбу, ці згарым.

За фальшывыя колеры твару
Насьмяецца над дзеўчынай лёс…
На зямлі ня існуюць „Тамары“
І сумотныя духі нябёс.

Ня існуюць!..
Пад месяцам дальнім,
Нельга хлеб на лятункі мяняць…
Вось за фальшы цябе раскахалі, —
За душу не пасьпелі кахаць.

І ня плач, што цябе раскахалі,
Я умею з-пад грыму чытаць.
Твае вочы мне тое сказалі,
Што нялёгка у словах сказаць.