Старонка:Ветразі (1929).pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Задыміўся імжою сыр-бор,
Дробны дожджык — туман заімжыўся…
Мне прысьніўся квяцісты прастор,
Мне наш край беларускі прысьніўся.

Бачу сон:
Дзе у цемры вякоў
Смуткавалі рачныя затоны, —
Зьняты палкія душы з крыжоў,
І няма ні жальбы, ні праклёнаў.

І вось тут, дзе ня рускую Русь
Прадавала паном Кацярына,
Прамянаў селянін-беларус
Сашнікі і саху на машыну.

У вячэрнюю цемру і стынь
Ня пылае лучына у хаце, —
Прамяняў беларус-селянін
Сінявую страху на палацы.