Старонка:Ветразі (1929).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЧЫРВОНЫ І БЕЛЫ

З-за цёмнага бору узьняўся туман,
Трывожна гарцуе расійскі улан.
Ангельская зброя, шынэль і штаны…
Ня смачны улану чужыя бліны.
Дзесь піша Калчак за загадам загад:
„Вярнуць у Расіі дваранскі урад!“
А дзесьці далёка між гор і бароў
Улана сям‘я паджыдала дамоў.
Пад першыя сьвечы вячэрняй зары
Дзесь плачуць аб ім над ракой хутары.
Дзесь маці старая у тэй старане
Сіберную долю і белых кляне.
Дзесь бацька працуе на панскай зямлі…
…Адвечную песьню пяюць тапалі…
Ангельская зброя, францускі шынэль…
Пужае улана далёкая мель.
З-за цёмнага бору узьняўся туман…
З трывожнаю думкай гарцуе улан,
Бо хмары навісьлі, нябачна дарог,
І коньнік чырвоны гарцуе ў палёх…