Старонка:Аляхновіч Пан Міністар.pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

буду і ўсё такое“, а цяпер вон, Марта, пайшла! непатрэбна, бо сам у міністры запісаўся, ды яшчэ гэтая пляменьніца... Фу! сорам!... Я яму, як добраму чалавеку, паверыла, а ён, бачыш яго, які! Але й Марта ня дура. Яна сваей крыўды не даруе, хоць ты ня толькі ў міністры ўпісвайся, а навет у манастыр ідзі, яна й там справядлівасьці шукаць пайдзе.

Пупкін. Ціха! ціха! ціха! Што ты, ашалела, ці што? Яшчэ хто пачуе! Вось лепш давай рахунак перагледжу. (Глядзіць у картачку, Марта праз гэты час глядзіць на яго ды ўздыхае).

Пупкін. Што гэта? Мяса йзноў падаражэла? Што-ж яно кожны дзень будзе даражэць, ці што?

Марта. А я што-ж вінавата? Я быкамі не гандлюю, ня я цану устанаўляю.

Пупкін. А гэта што? Учора купіла фунт цукру, сягоньня йзноў фунт! Куды-ж ён падзяваецца? Куры яго клююць, ці што?

Марта. А ўжо-ж я яго ня зьела. Твая пляменьніца ўчора купіла сабе ягадкаў і цэлы фунт з імі злопала.

Пупкін (ня ведае, што адказаць) Ага... А я прасіў цябе не казаць мне „ты“, бо яшчэ хто пачуе. Колькі разоў буду табе гэта паўтараць?

Марта (ірон.). А „пан“ вось лепш ня крычы, а дай мне грошы на заўтра на абед?

Пупкін. Ах, крывапійцы вы гэтакія! (Дае грошы). Вось.