Ветразі (1929)/III/Растратчык

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Лукішкі Растратчык
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
⁂ (Дальнія-блізкія…)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАСТРАТЧЫК

Скрозь электрычныя агні
Цягнік на поўдзень мераў мілі…
А восень прала туманы,
Ды ткала жоўтыя тканіны.

Агульнай ростані імпэт
Пераганяў начныя цені…
Праз вокны кожнага купэ
Глядзелі розныя імкненьні.

Адзін пакінуў дзесьці грым,
Другі сямейныя клапоты,
А трэці вёз у дальні Крым
Свае няшчасныя сухоты.

Яму так дораг наш пэйзаж
І колер восенскіх настурцый…
…Сухоты здаў-бы у багаж,
Каб да кагосьці зноў вярнуцца.

І нават сонныя агні
Яго тугою затужылі…
Аб розных дзівах на зямлі
Тут разважалі пасажыры.

У кожным русе гаманіў
Грамадзкай думкі горды выраз:
— Няма на сьвеце лепшых дзіў,
Як наша творчая імклівасьць.

Па рэйках стомлены імпэт
Пераганяў уласны стукат…
І толькі нейкае купэ
Хавала нейчы чорны смутак.

Забыўшы нават слодыч сна
Там нехта хмуры, як магіла,
Стаяў ля чорнага акна
З тугой і дзікаю агідай.

Пад мерны лязгат,
Мерны стук,
Пад перазвоны рэек звонкіх
Яму здалося:
Пара рук
Да шыбы шкла прыстыла звонку.

Ён адхіснуўся ад акна,
А потым доўга хмурыў бровы,
Што ўласных пальцаў не пазнаў
На шкле таемны адлюстровак…

Хоць ноч халодная маўчыць,
А ўсё-ж дрыжаць яго калені…
— Няўжо няможна уцячы
Ад чорных думак і сумленьня?!.

І нават пальцаў тонкі рух
Зрабіўся страшны,
Нібы краты…
Вось імі толькі-што глаўбух
Зрабіў заклятую растрату.

А навакола гаманіў
У кожным русе горды выраз:
— Няма на сьвеце лепшых дзіў,
Як наша творчая імклівасьць!.

А за акном,
А за акном,
Дзе ноч туманы карагодзіць,
Народ крывавым мазалём
Шляхі пракладываў стагодзьдзям.

Радзелі пушчы і лясы,
Між дзікіх сёл,
Між дзікіх шатаў —
Расьлі да неба карпусы —
Асілкі сонечнага заўтра…
..........
Вагона цёмнае акно
Ён адчыніў кароткім рухам…
І вырваўся магільны стогн
З грудзей растратчыка-глаўбуха.

— Няхай шукаюць там сьляды,
Сьляды зладзейскае растраты...
Я сам сябе для грамады
Назаўсягды,
Таксама страціў.

Імчы цягнік,
Імчы хутчэй,
Прымі зямля свае дарункі!..
…Крывавы сноп жывых касьцей
На рэйках хруснуў чорным клункам…

А за акном,
А за акном,
Дзе ноч туманы карагодзіць,
Народ крывавым мазалём
Шляхі пракладываў стагодзьдзям.

9-IX—29 г.