Ветразі (1929)/III/Дальнія-блізкія…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Растратчык ⁂ (Дальнія-блізкія…)
Верш
Аўтар: Тодар Кляшторны
1929 год
Я не артысты

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





∗     ∗

Дальнія-блізкія, блізкія-дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць.
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць.

А ля касьцёлу жахліва і дзіка
Палі над чашай атручаных кроз
Мёртвыя цені жывой Афрадыты
І мармуровы хрыстос.

— Хто вы?!
— Абломкі далёкага дальняга,
Госьці аджытых вякоў,
Мы — алкаголь,
Мы — жальба пахавальная,
Мы — гэта сьмерць і любоў.

— Доўга над цемрай сусьвету пануючы,
Шмат нарабіў я крывавых падзей.
Я — гэта бог,
Я — хрыстос ня існуючы,
Створаны ў муках людзей.

Я — гэта мара пакорных плябееў, —
Куплены потым каронай цароў,
Каб захаваць пад сьвятым маўзалеем
Праўду, сумленьне, любоў.

Я — гэта Рым,
Я — антычная Грэцыя,
Я — гэта зброя сьляпога жраца,
Я — ракавая пячаць індульгенцыі,
Я — і нявольнік, і цар.

Доўга над цемрай сусьвету пануючы,
Шмат нарабіў я крывавых падзей…
Я — і слуга, і гасподзь ня існуючы,
Праўда і крыўда людзей.

— Я — Афрадыта, багіня каханьня,
Фэйвэрк жывога агня…
Дзе нарадзілася першая тайна,
Там нарадзілася я.

Я не хадзіла к царом на паклоны,
Я не прасіла кароны цароў…
Ў царстве маім ня існуе законаў,
Вольнаму птаху няма берагоў.

Там, у антычных аддалях сталецьцяў,
Дзе каранован хрыстос,
Я напаткала магутныя сеці
З чашай атручаных кроз.

Там, дзе ад раньня туманам кадзілі,
Славячы імя хрыста,
Я на панэль прадаваць выхадзіла
Цела прыгожых дзяўчат…

Гэй, пры портфэлі, з антычнаю лысінай,
Маеш чырвонцы ці не?!
Бачыш, на вуснах сьцюдзёных напісана:
„Грошы, каханьне і сьмерць“.

Дальнія-блізкія, блізкія-дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць…
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць.

Гэта абломкі, далёкая спадчына,
Сэрцу бадай не да іх.
Грудзі хвалююць імкненьні гарачыя,
Палкі агонь маладых.

Хтось адыходзіць… Прыходзяць другія
З палкім імкненьнем вясны…
Сьняцца аджытаму сны залатыя,
Толькі дарэмныя сны…

Хто з намі сілу сягоньня памерыць?..
Спыніць хто рух маладых?..
Хай не раўня мы Эўропам, Амэрыкам, —
Заўтра абгонім і іх.

Дальнія-блізкія, блізкія-дальнія
Бомы бягуць, заміраюць, бягуць…
Шубы, манто, галіфэ саматкальныя
Ўдоўж па Савецкай снуюць…