Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/3
← 2. Воўчае жыцьцё | 3. Летні дзень Апавяданьне Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
4. Як выдумляюцца страхі → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Летні дзень (Лёсік). |
3. Летні дзень.
Быў гарачы летні дзень, адзін з тых дзён, аб каторых кажуць: варыць, як у гаршку. Далёкая цёмная палоска лесу абвязалася наміткаю сіняватае смугі, як маладзіца хусткаю, каб ня так пякло сонца. Павяваўшы зраньня вецер сьціхнуў зусім, і здавалася, што ён сьціхнуў не дзеля таго, што гэта так трэба, а сумыслу, на злосьць усім тым сілам, да каторых належала не даваць у зьдзек гарачыні зусім распаранае зямлі і ўсяго яе стварэньня. Адным словам, здавалася, што вецер зазлаваўся, як той дзядзька Піліп, каторы, бачачы, што ён адзін толькі працуе ў хаце, а ўсе туляюцца ад работы, як сабакі ад мух, і што адзін ён нічога ня ўскурае, — плюнуў, кінуў работу і лёг у халадок. І ціха было ўсюды. Маўчаў луг, маўчала поле, на вуліцы ў сяле ня відаць было нікагутка. Толькі зрэдка перабягаў з панадворку ў панадворак сабака, высалапіўшы язык і шукаючы лепшае схованкі ад мух.