Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/2
← 1. На прадвесьне | 2. Воўчае жыцьцё Апавяданьне Аўтар: Язэп Лёсік 1927 год |
3. Летні дзень → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Воўчае жыцьцё. |
2. Воўчае жыцьцё.
У цёмным яловым лесе, у вялікай нары, вывела ваўчыха трох ваўчанят. Сталі яны падрастаць ды пачалі вылазіць з нары, каб пабачыць, што робіцца наўкола. Каля нары рос малады густы ельнік. Недалёка, пад горкаю, было балота. Ваўчаняты любілі гуляць найбольш уначы, бо сонечныя косы рэзалі ім вочы, а птушыны сьпеў, далёкі гоман людзей і брэх сабак палохалі іх. Бацькі прыносілі ім уначы накрадзенага пажытку: авец, парасят, зайцоў, гусей. Наядуцца яны, пойдуць у балота пахлябтаць вады ды пачынаюць дурэць каля тоўстае гнілое калоды, што ляжала каля нары.
Прышла восень. Ваўчаняты вырасьлі ды пакінулі нару. Іх вадзіў аблетак — гадавалы воўк, што бацькі пакідаюць пры сабе пільнаваць малых дзяцей, бо самі старыя заўсёды ў паходзе і прыходзяць у гняздо толькі разоў два на дзень. Нецярпліва чакаюць малыя ваўчкі, пакуль бацькі прынясуць ім есьці, дурэюць і разьбягаюцца ад аблетка. За гэта аблетак карае іх: дагоніць і пачынае біць лапаю або тузаць за карк зубамі.
Людзі заўсёды стараюцца зьнішчаць ваўкоў за іх разбоі. Адзін лясьнік даўно ўжо сачыў гэтую воўчую сям’ю. Ён выў павоўчаму і вабіў дурных ваўчанят. Яны аказваліся. Асачыўшы, дзе асталяваліся ваўчаняты з аблеткам на дзень, лясьнік сказаў людзям, і на ваўкоў зрабілі паляваньне. Забілі двох маладых і аблетка. Адзін ваўчок схаваўся пад выварат, і стаў ён хадзіць з старымі ваўкамі. Выўчылі яны яго лавіць і душыць свойскую жывёлу. Ня было таго гаспадара, каб не ўхапіў чаго воўк: у ваднаго — авечку, у другога — цяля, у трэцяга — подсьвінка. І забіць яго не ўдавалася. Адзін ён заўсёды выкруціцца, уцячэ, пяройдзе ў другую аколіцу, а там яшчэ далей. Так і цягаецца па сьвеце.