Перайсці да зместу

Беларускі правапіс (1927)/Часьць першая/22/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
23. Рысь 24. Сьвята першага мая
Навукова-папулярны артыкул
Аўтар: Язэп Лёсік
1927 год
§ 23. Пункт, клічнік і пытальнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: Сьвята Першага мая (Лёсік).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




24. Сьвята першага мая.

У рабочых і сялян усяго сьвету, усёй зямлі ёсьць адно вялікае сьвята: гэта сьвята — Першае Мая. Сьвята першага мая было заснована ў Францыі ў горадзе Парыжы ў 1889 годзе. Туды зьехаліся рабочыя з усіх старонак сьвету, каб лепш абмеркаваць свае справы, як бараніцца ад паноў і багатыроў, як зьнішчыць вайну, як дабіцца зямлі і волі. І калі яны абмеркавалі свае справы, то пастанавілі, каб першага мая ўвясну было сьвята рабочых усяго сьвету, бо як увясну ўся прырода абуджаецца ад сну, так і рабочы мусіць абудзіцца ад свайго ўціску, клікаць сваіх таварышаў — рабочых і сялян — падняць свае галовы да яснага неба ды ісьці на змаганьне з сваімі ворагамі. Бо чаму рабочаму жывецца цяжка? А таму, што ён працуе хоць і вельмі многа, а карысьці мае зусім мала. І вось рабочыя ў Парыжы пастанавілі, каб у дзень першага мая ўсе працоўныя кідалі сваю працу, выходзілі з рэволюцыйнымі сьпевамі і чырвонымі сьцягамі на вуліцу і трэбавалі ад каралёў і паноў паляпшэньня дабрабыту працоўных.

Пасьля гэтай пастановы Першае Мая зьяўляецца важнейшым сьвятам працоўных. А багатыры з страхам глядзелі на пролетарыят, які падняў галаву і зразумеў прычыну свайго цяжкага жыцьця. Багатыры баяліся гэтага сьвята і заўсёды стараліся перашкодзіць рабочым сьвяткаваць яго: пагражалі растрэлам, не плацілі за гэты дзень рабочым, а ў некаторых старонках разганялі рабочых і нават стралялі ў іх. На Беларусі і ў Расіі бадай што зусім нельга было сьвяткаваць Першага Мая: рабочых разганялі, арыштоўвалі і стралялі ў іх. І толькі цяпер, калі ўся ўлада знаходзіцца ў руках працоўных, гэтае сьвята кожны год адбываецца з такою ўрачыстасьцю, з якою яно мала дзе сьвяткуецца.