400-лецьце беларускага друку

З пляцоўкі Вікікрыніцы
400-лецьце беларускага друку
Артыкул
Аўтар: Рамуальд Зямкевіч
1917
Крыніца: Вольная Беларусь - 1917 - №12

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Гадаўшчына Скарыны лічыцца у нас адначасна і гадаўшчынай 400-лецьця беларускаго друку.

Гэтае вялікае нацыянальнае сьвята выпала у час сусьветнай ваеннай завірухі, завірухі каторая скрывіла і пашу працу для роднага краю.

Адсьвяткаваць гэткую гадаўшчыну так, як трэба, мы цяпер ня можым. А трэба было-б паставіць памятнік Скарыні у Вільні, гдзе ён працаваў, ды у Полацку, гдзе ён радзіўся. Апроч гэтага, варта было-б адбіць мідаль Скарыны, каб даваць яго у знак заслугі нашым найлепшым пісьменным ды дзеячам. Творы Скарыны так сама павінны быць ужо выданы у падабізне (фак-сімі-ле), каб можна было кожнаму чытаць іх, ды любавацца хараством яго выданьня, так рэдкага і недаступнага нават для вучоных.

Зрабіць усё гэта мы цяпер не ў сілі. Будзем аднака верыць, што с часам усё гэта будзе у нас зроблена.

Спадзявацца на іншых мы ня можым, бо іншыя народы, як напрыклад, расійскі, сёлета Скарынай і не цікавіцца. Ды і на што яму цікавіцца чужым вучоным, чужым друкаром такім як Скарына, калі ён яго за свайго, апроч нікаторых вучоных-чыноўнікоў, і ні прызнаў.

Кожны можэ бачыць у Маскве, каля Крэмля, памятнік Івану Федорову з надпісам: «Первому русскому книгопечатнику Ивану Федорову».

Як бачым, гэтым самым расійскі народ ня меў ахвоты лічыць чужых вялікіх людзей за сваіх. Зараз нам прыходзіць на думку і тое што наша Беларусь праз абрусіцелёў-чыноўнікоў стала называцца «искони русскимъ краемъ». Колькі гэты захват, сколькі такая выдуманая тэорыя прынесьлі нам шкоды, ведаем добра. Усё беларускае было прызначана на гібель.

Але, як ні як, нас зніштожыць паны-абрусіцелі ні здалелі, — не удасца гэта ім і у будучыні.

Што беларуская культура стаяла вышэй за маскоўскую у XVI сталецьці, мы бачым гэта па друкаваных кніжках. Першыя кніжкі беларусы друкавалі у Кракові каля 1491 года, Скарына сваю біблію друкуе у Чэскай Празі ад 1517 да 1519 года, пасьля чаго перавозіць сваю друкарню у Вільню, каб у сваёй бацькоўшчыні аснаваць культурны цэнтр. Кніжкі друкуюцца у Вільні, Несьвіжы, у Еўю ды іншых гарадох. Тымчасам, у Маскоўшчыне першая друкаваная кніжка выходзіць у 1564 гаду! Кніжкі у Маскве пачаў друкаваць Іван Федоров за дапамогаю беларуса Петра Мсьціслаўца. Што культуру на Усходзі шырылі і беларусы, даўно вядома усім.

Праўда, ёсьць людзі каторыя сумысьля аб гэтым забываюць, а усё толькі дзеля таго, каб унізіць свайго беднага, загнанага брата-беларуса. Ад такіх людзей мы часта чуем: гдзе ваша беларуская літаратура, — німа яе! Плюньце вы на сваю мову ды пісьменнасьць, бярыце лепш гатовае, багатае. Наша расійская літаратура аграмадная, кажуць расійцы. Німа больш прыгожай літаратуры, як польская, кажуць палякі. Але, вядома, кожны сваё будзе хваліць.

Нам, беларусам, німа чаго брацца за чужое, годзі ужо служыць гноем пад чужую культуру. Мы маем сваё мінулае дый ні абы якое, цяперашняе рунея й красуе на дзіва, ёсьць з чаго быць гордым і будучына будзе нашай.

Іначэй і быць ня можа!

Столькі людзей працавала у нас для чужых, калі успомніць, напрыклад, тых, каторыя унасілі культуру у Маскоўскае Гасударства. Гэткія, як Лаўрэнты Зізані (па простаму Куколь), Пятрук Мсьціславец, Сымон Полацкі ды Гальяш Копіеўскі, каторы у Амстэрдамі (Голландыя) выдумаў гражданку і друкаваў рэформованымі літарамі расійскія кніжкі для Петра Вялікаго, сколькі яны маюць заслугі у расійцаў! А нам за тое кідаецца у вочы, што мы нічога ні маем, нічога ні варты і павінны памерці.

Наша справа жывая ды святая, дагэтуль ніякая сіла нас зламаць ні магла і зламаць ня зможэ. Народ з гэтакім мінулым ні прападзе.

Працы у нас шмат, людзі ёсьціка, трэба іх толькі згуртаваць, злучыць моцна ланцугом жалезнай павіннасьці і жніва будзе багатае. Да працы, браты,— Беларусь наша кліча нас усіх! Помніце, што будучыну нашу толькі мы самі зложым стварыць!