Як мы былі йшчэ казакамі (Шаўчэнка/Клімковіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Як мы былі йшчэ казакамі
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Міхась Клімковіч
Крыніца: Кабзар - с. 154

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Як мы былі йшчэ казакамі,
А уніі не чуць было,
Жыццё ў нас весела плыло!
Браталісь з вольнымі ляхамі,
І ганарыліся стэпамі,
Сваімі вольнымі. Цвілі
Як мак, прыгожыя дзяўчаты.
Сыны шчаслівых нашых матак,
Сынамі вольнымі раслі.
Раслі сыны і весялілі
Старых у скорбных іх гадах,
Аж покуль іменем Хрыста
Прыйшлі ксяндзы і запалілі
Наш ціхі рай і разлілі
Шырока морам слёзы з кроўю…
А сірат іменем хрыстовым
На крыж, на мукі павялі…

Паніклі голавы казаччы,
Як патаптаная трава.
Украйна плача, стогне-плача,
За галавою галава
Дадолу падае. Лютуе
Кат, ксёндз прадажным языком
Крычыць: «Te deum алілуя!..»

Так, ляша-друг, ты быў-бы братам,
Ды прагныя ксяндзы й магнаты
Нас пасварылі, развялі,
А мы б дагэтуль так жылі.
Падай жа руку казачыне
I сэрца чыстае падай!
I адновім божжым імем
Наш рай былы, наш ціхі рай.


Орская крэпасць 1847 — 14 сакавіка 1858 Масква