Цвет папарацці

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Цвет папарацці
Паданне
Аўтар: народ
Крыніца:http://skarby.in/cvet-paparacci.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Усё, што вы пачуеце, чыстая праўда. Я нават ведаю, з кім здарылася гэтая дзіўная праява.

Пайшоў неяк чалавек шукаць здатнае дрэва на прасніцу, каб вяроўкі віць. Дзень выдаўся хмурны, сонца не паказвалася з самай раніцы. Мабыць, позна ён выбраўся ў лес, бо пахадзіў якую гадзінку, а ўжо на вечар паказвае. Пабраўся хутчэй дахаты. Пачаў абмінаць вываратні ды калоды, ламачча ўсялякае ды завалы — зусім заблудзіўся, не ведае, куды далей кіравацца. Хадзіў, хадзіў, а тым часам звечарэла. Бачыць, што цёмначы не выбрацца з лесу, мусіў заначаваць у гушчары. Вядома, паляшук у лесе — як дома сябе пачувае, нічога не баіцца. Але ён забыўся, што якраз было Купалле. А на гэтае свята, праўду баюць людзі ці не, усялякая нечысць ладзіць сваё гульбішча. Таму лепш не вытыркацца з хаты — усё-такі спакайней, чым у лесе.

Наклаў чалавек агню і ўспомніў, што сёння Купалле. А як успомніў, дык мароз хапянуў за спіну, а на галаве шапка паднялася. Пачасаў ён сабе плечы, нацягнуў мацней шапку і сядзіць каля цяпельца. Хоць ноч і цёплая, ажно парыць, а каля агеньчыка ўсё роўна весялей. Сядзеў-сядзеў — стаміўся, прылёг адпачыць. Раптам чуе праз сон — хтосьці тупае, быццам капытамі. Падняў чалавек голаў, зірнуў у адзін бок, у другі — здаецца, нікога няма. А вогнішча ледзь-ледзь цепліцца, бо дровы зусім згарэлі. Пачаў збіраць ламачча. А навокал папараць — па бараду. Прыгледзеўся той чалавеча, а папаратнік цвіце, быццам агеньчыкамі пераліваецца. Пацягнуўся рукою, каб сарваць дзіва-цвет, а тут такое пачалося! Тыцкае нечысць адусюль проста ў вочы сукі ды рагулі…

Схапіў ён ахапку ламачча і бягом да агню. Бяжыць, падмінае папаратнік. У лапцях поўна цвету зіхотнага. Вось і вогнішча. Шпурнуў на яго ламачча і зараз жа абвёў вакол сябе круг. Праз імгненне навокал стала ціха — ніводная галінка не варухнулася.

Потым да вогнішча падышоў нейкі панічок у капелюшы. І давай прасіць аддаць яму лапці за новыя боты. Нават грошы у прыдачу дае. Згадзіўся чалавек, памяняў лапці на боты, а разам з імі і папаратнікавы цвет аддаў. Потым заваліўся на бок ды заснуў як у сябе дома на печы.

А калі прахапіўся — ні ботаў, ні лапцяў, толькі адны галавешкі каля ног ляжаць.