Перайсці да зместу

Хто гэта?

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Хто гэта?
Верш
Аўтар: Францішак Багушэвіч

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Цмокнуў піва, б’е ў далоні,
Планаў шмат, як віхрам, гоніць
І ў мазгах ядраных вяжа.
А што думае — не скажа,
А што скажа — мысль заслоніць…

Скурчыць чуб свой трохвалосы,
Зухавата «drang» ускрыкне,
Задам стане да Каносы,
Праз усе вузлы пранікне,
Здасць назад і быццам знікне…

Раптам грымне шматгалоса:
«Ecce homo», ў змане людзі,
Паміж намі мір і згода!»
Верне ўсё, дадасць штось з ходу,
Абяцае… і загладзіць,
У Каносе пешкі будзе…

Тут ён верны, а там здрадзіць,
Там руку падаць ахвочы,
Сябра ў гразь па вушы ўкіне,
Абдзярэ яго без меры,
Потым неяк на паперы
Так замыліць спрытна вочы,
Што й душы ў ім не пакіне.

Бачыць, слабых нехта цісне, —
Без увагі іх не кіне.
Як пажар вялікі блісне,
Ён падзьмухае наўмысна
І пустой пакажа… скрыню!
А над бедным страх павісне.

Ён, як той, што малп стварае
І любы зямны твор божы
Замяніць у малпу можа.
І ён скрозь, бы ў сваім краі.

То на троне штось пасадзіць,
Чэсць даваць яму прыкажа,
Супрацівіцца парадзіць,
Валаводжанне развяжа.
То ў палі каго занадзіць,
Біцца скажа… а сам збоку.
А як рэзне без карцечы,
Дык не менш як праз год зноўку
Пойме сэнс той розум нечы…

Не падаць яму далоні,
Дык ён гэта растлумачыць,
Што не змог зрабіць іначай,
Што ён так б’е ў абароне
Ад знішчэння, заняпаду…
Трэба верыць, няма рады!

Паклянецца ў дружбе палка
Аж да першай нейкай косткі
Ці да першага кавалкя,
Да чужой зямлі палоскі.
І так шырыць непамерна
Свой захоп той трохвалосы
І праз моц сваіх жаўнераў,
І праз шпацыр да Каносы.