Перайсці да зместу

Хто вінават? (Арол)/III

З пляцоўкі Вікікрыніцы
II. Як польскі ўрад і польскія паны накінулі паншчыну беларускаму селянству. III. Сучасная эканамічная залежнасьць беларускага селянства ад польскай зямельнай буржуазіі.
Публіцыстыка
Аўтар: М. Арол
1921 год
IV. Як польская шляхта ратуе паншчыну беларусі і ўзмацовываець гвалт і насільства над беларускім народам?

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




III.

Сучасная эканамічная залежнасьць беларускага селянства ад польскай зямельнай буржуазіі.

Дзякуючы таму, што польскія паны ў заходняй Беларусі заграбілі ў свае рукі больш як палову ўсей зямлі, лясоў і лугоў, на долю Беларускага селянства засталося так мала зямлі, што яно не мае магчымасьці пракарміцца са сваей зямлі і прымушана прадаваць сваю працу панам, каб крыху палепшыць сваё жыцьцё.

У самай цяжкай і невылазнай залежнасьці польскіх паноў знаходзяцца беззямельныя селяне.

Не маючы зямлі, не маючы ні жывёлы, ні хаты, не маючы ніякай ўласьнасьці—беззямельны селянін, гэты вясковы пролетарый прымушан голадам ісьці на панскі двор наймацца парабкам.

Каб уратаваць сябе і сям‘ю сваю ад жабрацтва і галоднай сьмерці беззямельный селянін прадае польскаму пану ўсю сваю працу.

Наняўшыся парабкам у панскі двор ён паступае у поўнае распараджэньне пана або панскага упраўляючага, ад якога атрымлівае куток для жыцьця, пракорм, часамі і асобную плату за працу.

Лічба гадзін працы парабка, характар самой пра­цы, варункі жыцьця і харчаваньня, памер платы за працу—усё гэта залежыць толькі ад панскай ласкі. Прымусіць парабка працаваць ад усходу да заходу сонца бадай без адпачынку—і парабак працуе. Якую захоча пан працу даць парабку—такую парабак спаўняе. Дасьць пан для сям’і парабка замест хаты ста­рую гнілую лазьню або хлеў—парабак сасчаміўшы зубы згаджаецца. Не пакінуць-жа малых дзетак пад голым небам!… Чым корміць пан—хоць бы аднэй бульбай са сьмардзючай капустай—то і ясі, ды дзякуюеш яшчэ. Колькі захоча, пан заплаціць парабку за працу—столькі і дасьць. А пачнеш спрачацца выганіць са двара на холад і голад…

Беззямельны парабак—гэта поўны, безадказны і безбаронны служка польскага пана, гэты панскі раб, лес і жыцьцё якога ў руках польскага пана.

Перайсьці ад аднаго да іншага, шукаючы лепшых варункаў не заўсёды лёгкая і простая справа: парабак і яго сям‘я рызыкуюць апынуцца пад голым небам і згінуць ад сьцюжы і голаду. Паны утварылі свой хаўрус і моцна падтрымліваюць адзін аднаго, каб знізіць цану на працоўныя рукі, каб прымусіць парабкаў пакорна і маўчліва нясьці панскае ярмо. Ня кожны пан лёгка так прыймаець на свой двор парабка, калі даведаецца, што ён адышоў ад другога пана.

А калі згодзіцца ўзяць дык яшчэ менш плаціць і заганяець цяжкай працай.

Малая плата за працу на панскіх дварах залежыць яшчэ ад таго, што апрача парабкаў набіваюцца на працу да паноў малазямельныя селяне, а гэта заўсёды йдзе у крыўду парабкам і на карысьць панам.

Дзеля таго, што лічба малазямельных селян павялічываецца і павялічываецца лічба тайных рук жадаючых працы, дык гэтым плата за працу усё зьменшаецца і зьменшаецца. Адгэтуль зразумела, што парабкі ўсё больш трацяць магчымасьць вылезьці з панскай кабалы, наадварот яны ўсё глыбей улазяць у яе, ўсё менш у іх надзеі на лепшую будучыну. Малазямельныя беларускія селяне так сама залежаць ад польскіх паноў, бо прымушаны частку сваей працы прадаваць панам. На сваей зямлі селянін ня можа пракарміцца, асабліва калі вялікая сям’я і зямля благая. Малазямельны селянін ня можа сабраць са сваей зямлі патрэбную лічбу збожжа, бо ураджайнасьць зямлі малая ад нестачы гною, ад несаўсім добрай апрацоўкі поля за нестачаю лепшых плугоў і барон, ад нестачы семя, ад малых памераў зямлі на якой нельга зрабіць пладазьмену і даць адпачынак зямлі…. А калі здарыцца посуш або пошасьць на жывёлу або хвароба самога гаспадара, тады ня толькі хлеба а нават і бульбы німа.

Ось голад і прымушае малазямельных селян наймацца ў панскія двары на працу, каб зарабіць хлеба.

Плата за працу страшэнна нізкая дзеля таго, што на панскім двару працуюць сталыя парабкі ды і се­лян малазямельных шукаючых заробку ёсьць шмат.

Тут пан якую хоча цану паложыць—усё роўна працаваць пойдуць, голад прымушае. Падвышаць плату малазямельнікі ня могуць таму, што ім выбару німа: яны павінны наймацца ў бліжэйшага пана, бо адыходзіць далёка ад сваей гаспадаркі так сама нельга. Паны ведаюць гэта і карыстаюцца таннай працай малазямельнікаў.

Карацей кажучы, польскія паны ўтварылі хітрую сыстэму выцісканьня поту з нашых бедных селян. Але ня толькі бедныя селяне залежаць ад польскіх абшарнікаў. Ёсьць цэлыя вёскі, дзе мала беззямельнікаў, а жыхары вёскі прымушаны працаваць на пана.

Нестача выгану для пасьбы селянскае скаціны прымушае селян прасіць панскага дазволу пасьвіць на панскім выгане, а за гэтае абавязываюцца спаўняць якую-небудзь працу на панскіх нівах ці лугах.

Нестача свайго лесу для будовы так сама ста­віць селян у залежнасьць ад пана, які дае лесу за грошы або за працу. Ёсьць нават вёскі, якія залежаць ад пана толькі таму, што рэчка ці возера ляжыць на панскае зямлі і пан дазваляе паіць селян­скую скаціну з гэнай рэчкі ці возера, калі вёска абавязываецца спаўняць падаткі або працу па загаду пана.

Так акруцілі польскія паны нашую вёску, такую распусьцілі навокала панскую павуціну, што селянам і парушыцца нельга. Яшчэ гарэй стала селянам калі пачала на Беларусі пашырацца прамысловасьць. Прамысловасьць дала ў рукі панам тысячу новых спосабаў карыстацца селянскай працай і зручней выціскаць селянскі пот.

Паны—капіталісты пабудавалі сернічковыя, лесапілавальныя, гарэлачныя і іншыя фабрыкі і заводы, куды йдуць патукаемыя голадам беларускія селяне за танную цану прадаваць свае працоўныя рукі.