Хрэстаматыя новай беларускай літэратуры (1927)/I/А/Ядвігін Ш./Васількі/Зарабіў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зарабляюць Зарабіў
Апавяданьне
Аўтар: Ядвігін Ш.
1927 год
Гаротная
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зарабіў (Ядвігін).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зарабіў.

Хоць меў Сьцёпка Тацюк траціну зямлі, і то зямлі добрай, меў жонку — Тацяну да ўсяго дасужую, меў трох сынкоў, спаміж каторых старшыя два былі ўжо ладнымі[1] падросткамі і зараблялі ня толькі на сябе, але і на хату, а ўсё-ж ткі ў хаце жылося несамавіта: штодзенны недастатак! Нажывуць круп, затаўкі[2] няма; згарусьцяць затаўку, — якраз крупы скончыліся; і так усьцяж!

Праўду кажучы, найбольш вінават быў гэтай бядзе сам Сьцёпка; хоць любіў, каб яды было, як на Дзяды, але хацеў, каб работы было, як у нядзелю. Людзі ўжо напрацуюцца, па колькі-то пракосаў пройдуць, а Сьцёпка ўсё яшчэ соўгаецца ад хаты да хаты па вёсцы: то з адным пастаіць, пагутарыць, то з другім за глупства завядзецца, — пасварыцца, — глядзі — ўжо і поўдня блізка, і, хоць як ня кідалася Сьцёпкава Тацяна, нічога не памагала: жылося, як той казаў, дрэнна.

А Сьцёпка не ад таго, каб жылося лепей, — чаму не? Але, каб гэта лепей само як-небудзь, скуль-небудзь звалілася, знайшлося. І хада Сьцёпкі была такая, быццам усё шукаў гэтага лепей. Апусьціў галаву, як той конь убоісты, ўніз, дый цягаецца, быццам чагось углядаючыся.

Многа, ці мала гэтак шукаў Сьцёпка свае долі, але вось аднэй неяк раніцы, пралайдачыўшы ўсю ночку ў падгарадзкім шынку, і варочаючыся з пустой кішанёй і цяжкай галавой да хаты, здалося яму, што такі знайшоў сваю долю. Стрымаўся[3] раптам, сярод дарогі і стаў з-пад лоба аглядацца, як-бы баяўся, каб яго думак хто не падглядзеў ці не падслухаў… Потым, крута завярнуўшыся скорым крокам[4] памахаў у горад. Прыйшоўшы на адну з вуліц, дзе стаяў знаёмы гарадавы (ня раз чарку перакульвалі разам — усей знаёмасьці), стаў з ім шаптацца. Доўга, надставіўшы вуха і ківаючы галавой, слухаў пашаптушак Сьцёпкавых гарадавы, пасьля кіўнуўшы пальцам, павёў яго ў паліцыю.

Там зараз гэты самы гарадавы завёў Сьцёпку ў камору, дзе сядзеў за сталом нейкі чыноўнік, ці начальнік, а сам чмыхнуў адтуль. Жутка зразу зрабілася Сцёпку, мо’ ўжо і жалеў цяпер, што ажно сюды кінуўся шукаць свае долі, але неяк слова за слова (начальнік паказаўся Сьцёпку вельмі прыступным чалавекам) і ўсё, што было ў думках Сьцёпкі, вылажыў, як мае быць.

… Выйшаў Сьцёпка. Выйшаў, як-бы пасьля вялікай, цяжкай працы: спацелы, чырвоны, як рак. У моцна[5] заціснутым кулаку трымаў сярэбраны рубель… Але што цяпер знача Сьцёпку гэты рубель? Ого! Сьцёпка-бо ведаў цяпер, як зарабляць рублі. Калі захоча — не аднаго будзе мець. Вось захацеў, і будзе мець… як вам здаецца: што? Каня! Як мае быць каня — гаспадарскага каня. Трэба будзе толькі падыйсьці на торг, выбраць любога, а пасьля сеў і паехаў; аб цане і ня пытай! Ёсьць каму за яго плаціць!

Варочаючыся да дому, разважаў Сьцёпка: сказаць жонцы, ці не сказаць? Але такі надумаў не гаварыць: нашто бабе ведаць? Яшчэ гатова разбрахаць па вёсцы, а гэтага нельга, бо і заработак можа ляснуць[6].

Па дарозе зноў зайшоў Сьцёпка ў шыночак, знайшлася там знаёмая кампанія, а да таго быў рубель — было за што і пры чым пасядзець, дык ледзь уночы дацягнуўся да дому. І, ўвайшоўшы ў хату, намацаў палок і, рынуўшыся на яго, заснуў моцным, п’яным сном.

Сонейка ўжо высока паднялося, калі Сьцёпка расчухаўся, зьлез з палка, моўчкі насунуў шапку і высунуўся за дзьверы. Тацяна таксама быццам і ня бачыла мужа — ніводным словам не зачапіла яго. Яна добра ведала, што ніякое прычытваньне ня толькі не памагала, але яшчэ горш шкодзіла: Сьцёпка, на злосьць жонцы, кідаў тады ўсю работу і сьцягваўся з дому на колькі дзён. Хніпаючы і ўціраючы нос хвартухом, Тацяна ямчэй толькі перастаўляла гаршкі; мацней ляскала вілкамі і чапялой у качарэжніку[7] і часьцей куксала свайго малога Сымонку, каторы круціўся каля спадніцы маткі.

Тымчасам Сьцёпка, выйшаўшы на двор, як сеў на прызьбе, дык і не скрануўся, ажно пакуль жонка ня клікнула палуднаваць. Па палудні пайшоў кратацца каля гаспадаркі і гэтак дацягнуў да вечара.

Ноч выдавалася Сьцёпку бесканечна доўгая. Доўгай і страшнай паказалася яна і Тацяне. Чаго ніколі даўней ня бывала, кідаўся Сьцёпка, як у гарачцы: то крычаў, каб каня яму запрагалі, то клікаў Юрку і Кастуся, то будзіў жонку, дапытваючыся, ці ня чула, як сабакі брахалі і званочкі зьвінелі, і ледзь над раніцай крыху супакоіўся. Назаўтрае, праз увесь дзень ня выйшаў, як даўней бывала, на вуліцу, словам да нікога не адазваўся, толькі яшчэ больш згорбіўся, яшчэ ніжэй апусьціў галаву ўніз, як-бы баяўся, каб не заглянуў яму хто ў вочы.

Так прайпіло трое сутак[8]. На чацьвёртыя — з вечара, калі жонка з сынам ляглі ўжо спаць, Сьцёпка, запаліўшы лучыну, толькі стаў лапці падшываць, як пачуў, адазваўся на вёсцы сьпярша адзін сабака, пасьля другі, трэці… Твар Сьцёпкі зьбялеў, рукі і ногі так сталі калаціцца, што ледзь падняўся, ледзь дайшоў да лучыны, вырваў яе з лучніка, кінуў воб землю, затаптаў і, асунуўшыся на лаву, цяжка дыхаючы, стаў прыслухацца. Колькі гэтак сядзеў Сьцёпка — сам ня ведаў, і толькі, калі пачуў, як на вуліцы вёскі нешта затаркатала, затопалі конскія капыты, Сьцёпка як-бы ачнуўся. Праз сваё вакно бачыў Тацюк, як замігацелі агні па хатах, потым стаў высыпаць народ на вуліцу і, як тыя пчолы ў вульлі, загудзеў. — Пад вакно Тацюковай хаты падбегла суседка — Мар’яна, забарабаніла па ім і, крыкнуўшы: „Юрку і Кастуся забралі… кніжкі нейкія знайшлі“, пабегла далей. Сьцёпка ані скрануўся…

Мінуў тыдзень, другі, і выбраўся Сьцёпка ў тарговы дзень у горад. Сьпярша падышоў да знаёмага гарадавога, але з ім аніяк ня мог дайсьці да ладу: буркне нешта пад нос, ды адвернецца. Махнуў Сьцёпка рукой і пайшоў да таго чыноўніка, ў каторага сьпярша быў. Той, распытаўшыся, ці няма яшчэ якіх навін, сказаў Сьцёпцы прыйсьці па каня на другі торг. Прыйшоў ён на другі торг, — якраз начальніка дома не застаў. За трэйцім разам — часу таму ня было. І гэтак, як стаў хадзіць, дык хадзіць, а ўсё нічога ня выходзе[9]; ажно пакуль аднаго торгу не спатчаўся ён нос у нос з гэтым сваім начальнікам на рынку. Круціўся, праўда, сьпярша той, як уюн, але ўрэшце згадзіўся ісьці каня купляць Сьцёпцы. Абыйшлі адзін, другі табун, пры трэйцім начальнік, гутарачы з гаспадаром-цыганом, нешта доўга замарудзіў, а пасьля і кажа Сьцёпцы „выбірай каня, садзіся і едзь“, а сам завярнуўся і пайшоў.

Сьцёпка абыйшоў гнядога — добры; паглядзеў у зубы буланаму — яшчэ лепшы, але найбольш спадабалася яму лысая кабыла: складная, сытая, ростам невялічка, — якраз на яго гаспадарку. Пакруціў яе ў адзін бок, пакруціў у другі, — „гэту можна?“ — пытае цыгана; — „прабуй, якога хочаш“, — адказвае той. Але што там Сьцёпку было прабаваць? Абы скарэй да дому — пахваліцца! Ўскочыў на кабылу, залопаў нагамі па бакох лысай і, трушком зьехаўшы з рынку, мінуў прыгарадзьдзе і выехаў на сваю дарогу. Тут затуманіў люльку і толькі стаў надумвацца, што-б тут сказаць у вёсцы: адкуль, за што нажыў гэткую жывёлу, ажно ззаду нехта калі храпне па карку Сьцёпку, дык і не агледзіўся бядак, калі на зямлі апынуўся. Падняў галаву, глядзіць: цыган — гаспадар кабылы — стаіць над ім, крычыць, лае, дый зноў складаецца пражыць. Усхапіўся Сьцёпка, хацеў ужо даць цыгану здачы, але той давай нема раўсьці: „злодзей! злодзей!“ Надбеглі людзі, і як не растлумачваў ім Сьцёпка, як ні кляўся, як ні прасіўся, нічога не памагло: кожны тоўк яго, як сабаку на чужым дварэ, — гэтак зьбітага зьвязалі і павялі назад у горад. Там здалі Сьцёпку ў вучастак. Прабаваў і тут Сьцёпка выкладаць сваю справу, як ён і ня краў кабылы, як за яго маніўся заплаціць нейкі важны чыноўнік, але ніхто і слухаць не хацеў, а толькі кпілі[10] і сьмяяліся з яго.

На другі дзень выпрасіў-ткі Сьцёпка, каб завялі яго да таго чыноўніка. Завясьці — завялі, але той і не дапусьціў яго нават да сябе і, як ні артачыўся — Сьцёпка, а адтуль павялі яго ўжо проста ў турму і ўпхнулі паміж арыштантаў „да разбора дзела“.

Ліха яшчэ надало Сьцёпку прызнацца перад сваімі новымі таварышамі, за што і як папаў сюды. Думаў Сьцёпка іх разжаліць сваей доляй, а тымчасам — дзіва: зладзеі, разбойнікі і тыя адтрахнуліся[11] ад яго. „Здраднік! Юда!“ іначай і не адзываліся да Сьцёпкі…

Пакуль назначылі суд, Сьцёпка адседзіў у турме месяцы з чатыры; але, ці то яму той начальнік — зжаліўся — памог, ці як там было, выкруціўся-ткі неяк, небарака, з большай бяды і вярнуўся да дому.

З таго часу перастаў цягацца па вёсцы, бо абы толькі паказаўся — сталыя і малыя, мужчыны і бабы прыставалі да яго: „Сьцёпка, Сьцёпка, калі пойдзеш у заработкі?“



  1. Ладны — полёнізм, пабел. харошы.
  2. Скорам, які таўкуць, затаўкаюць.
  3. трымаць і дзяржаць — ужываюцца поруч. Добра было-б прыняць якоесь адно. Лепей было-б — апошняе, ад караня якога можна ўтварыць болей тэрмінаў, напр., дзяржава. Дзяржаць — ужываецца значнаю большасьцю славянскіх народаў.
  4. Полён. — шагам.
  5. моц, мацней і г. д. — з фанэтычнага боку не беларускае, заходняславянскае. Утварылася з праславянскага — могт+ј. Праславянскія злучэньні — т+ј, гт+ј, кт+ј — у беларускай мове далі — ч. У слове з даным каранём маем — немач. Іншыя словы — ноч (*нокт+ј), печ (*пект+ј), сьвечка (*свѣт+ј+ка) і г. д. Слова — моц — не знаходзіць сталага сыноніму ў беларускай мове. У паасобных выпадках з ім сходзіцца — сіла, дуж(ы), магутнасьць, крэпкасьць (у Насовіча) і інш.
  6. Трэснуць, прапасьці.
  7. Месца для качаргі, вілоў і г. д.
  8. Русіц; пабел. — пара.
  9. Провінц.; ня выходзіць.
  10. Полёнізм — насьмяхаліся.
  11. Русіц. — адтрасьліся, адпіхнуліся.