Францішак Скарына (Бядуля)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Францішак Скарына
Публіцыстыка
Аўтар: Змітрок Бядуля
1919
Крыніца: http://pdf.kamunikat.org/13226-1.pdf

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




І

Ой, над Полацкам княжацкім слаўным, там, дзе вежы, звані­ цы і цэрквы, — над лясамі, над рэчкай Дзвіною ўзышло ярка магутнае сонца, засвяціла народу праменнем даўно ўжо чатыры сталецці. Паспалітаму люду на радасць наш вучоны Скарына Францішак пераліў тэстамент старадаўні ў нашу родную, любую мову; браму к праўдзе адкрыў ён народу і Сіён паказаў хлебаробу, што жыццём сялянскім падобны да сівых часоў Віфлеему.

Белым голубам слава насілась. Галубіныя песні спявалісь над лясамі, лугамі, усюды і па местах, сялянскіх гасподах нашай маці Беларусі аб яе верным сыне, дастойным, умудроным у навуках вялікіх.

Векавечыў ён родную мову на скрыжалях прарокаў усходніх, дзе вясёлкамі словы луналі да самага Бога ў надхмарнасць. Гэтым вечнасць здабыў наш Скарына для сябе на зямлі беларускай.

ІІ

Прышлі людзі з далёкай паўночы. Прышлі людзі з усходу, заходу. Сквапным вокам глядзелі на кнігу, на творчасць Фран­цішка Скарыны. Ой, шмат хто з славянскіх народаў прысвоіць жадаў ту скарбніцу.

Палажылі дужэйшыя людзі наш скарб у жалезную скрыню, пад сямю зачынілі замкамі і абставілі каменным мурам. Усе спалохалісь роднага брата, што іх перарос ён асветай.

І забралі народ у няволю — яго дух яны думалі знішчыць. Вось мінулі чатыры стагоддзі — званы бомкалі ў Полацку слаўным, будаваліся новыя вежы. І Дзвіна адной мерай бурліла, і лясы адным гудам шумелі, і народ наш спяваў свае песні на полі сваім на дзядоўскім, на мове на роднай, даўнейшай… І не знішчылі ворагі нашы аблічча слабейшага брата.

Вось жыве наш ратай беларус. Ён на сонца, на свет пазірае гаспадарчым, не спуджаным вокам, як той сокал у зары паднябеснай. Ён да новага жыцця кіруе, уласнае шчасце будуе.

ІІІ

Не струхлеў і пергамент Скарыны ў вільготнай у скрыні жалезнай. Як пралескі ў вясновую пору, кожна слова святое квітнее. І не дзіва, бо любасць кавала гэту творчую, шчырую працу.

Наш доктар і маг добра ведаў, што, як рыбам вадзіца, як зверу цень пушчы, як сокалу ўзвышша — гэтак Біблія люду патрэбна на мове бацькоў зразумелай.

* * *

А на памятку роднаму люду Скарына аставіў партрэт свой, напісаны ўласнай рукою.

Ён сядзіць у сваім кабінеце і задумна ў пергаменце старым гусіным пяром нешта піша. У адзенні магістра навук, на галаве — даўні берэт. Перад ім — уласны герб: месяц-сонца. Па бакох такжа гербы красуюць мецэнатаў-пратэктараў. А справа, вышэй астралябія, кніг фаліянты, пясочны гадзіннік. Над калонамі зверху — вянок ад дубовага лісця. А знізу, у кутох, ёсць ліхтар з металёвым люстэркам, муха і жбан, і кошык пляцёны — работа сялянак з-пад Полацку. Проч таго, усюль містычныя знакі, бо ў землях чужых ён здабыў усе навукі тагдашняга часу.

Дай Бог кожнаму гэтак вучыцца на карысць свайго краю!