У бога пад лавай ляжала сякера (Шаўчэнка/Глебка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У бога пад лавай ляжала сякера
Верш
Аўтар: Тарас Шаўчэнка
Пераклад: Пятро Глебка

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У бога пад лавай ляжала сякера.
(Па свеце бог тады хадзіў
З Пятром, і цуды ён тварыў.)
            Тут, як на той верад
            Дый цяжкое ліха,
            Любенька ды ціха
            Скраў кайзак сякеру
            Дый пайшоў па дровы
            Ў шумную дуброву;
            Аблюбаваўшы дрэва — цюк!
Як вырвецца сякера з рук —
Пайшла па лесе касавіца,
Аж страх было глядзець-дзівіцца:
Дубы, таўшчэзныя, наздзіў,
Нібы траву, віхор касіў,
Пракосы сцелячы, а з яра
Устаў пажар і дымнай хмарай
Святое сонца засланіў.
І стала цемра, ад Урала
Аж да Тангіза, да Арала
Кіпелі возеры тады.
Палаюць сёлы, гарады,
Рыдае люд, звяры скаголяць,
Аж у Сібіры за Таболам
Хаваюцца ў снягах. З тых пор
Сем год сякера лес сцінала,
І пажарышча не згасала,
І божы свет за дымам мерк.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На лета восьмае ў нядзелю,
Як быццам ляля ў лёлі белай,
Святое сонейка ўзышло.
Пустыня цыганом чарнела,
Дзе горад быў або сяло —
І галавешка ўжо не тлела,
І попел ветрам размяло,
Былінкі нават не ўцалела,
Адным-адно ўсяго шумела
У стэпу дзерава адно.
      Чырванеюць па пустыні
Пяскі чырвоныя ды гліна,
Бур’ян калючы ды будзяк,
Ды часам тырса з асакою
Чарнее ў яры пад гарою,
Ды дзікі іншы раз кайзак
Паціху выедзе на гору
На хілым вярблюдзе сваім.
Бывае дзіўна часам тым:
Стэп быццам з богам загаворыць,
Вярблюд заплача і кайзак
Панурыць галаву і гляне
На стэп і на Кара-бутак.
Сынгіч-агач прыгадваць стане,
Паволі спусціцца з гары
І згіне ў глінянай пустыні…
            Адным-адзіным пры даліне
            Ў стэпу ля дарогі
            Высокае стаіць дрэва,
            Кінутае богам.
            Кінутае сякераю
            І агнём пустыні.
            Шапочацца з далінаю
            Аб даўняй часіне.
            І кайзакі не мінаюць
            Дзерава святога,
            На даліну заязджаюць
            Адпачыці троху,
            І моляцца, і ахвярай
            Дзерава благаюць,
            Каб галіны распусціла
            У іх бедным краі.

Орская крэпасць 1848