Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
237. ⁂ Яснавокая Аніта 238. ⁂ Сьмерць шэршня
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
239. ⁂ У каго ты, дзяўчынанька, тварай удалася

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СЭРБСКАЯ.

238.

СЬМЕРЦЬ ШЭРШНЯ.

Хто там едзе па Касову полю?
Едзе ў полі дэлібаш адважны —
Слаўны шэршань на жуку рагатым.
Дзень ён едзе і другі, і трэці,
На чацьверты к мору пад’яжджае,
Што калюжай у людзей завецца.
Затрымаўся, глянуў слаўны шэршань
І такія словы прамаўляе:
«Гой ты, коню, гой ты, жук рагаты!
Ускарміў я, жук, цябе мятліцай,
Успаіў я, жук, цябе расою.
Саслужы-жа верную мне службу —
Пераскоч ты цераз гэта мора».
І прамовіў шэршню жук рагаты:
«Гаспадару, дэлібаш адважны!
Не скакаць-бы мне з табой праз мора,
Ня шукаць-бы сьмерці перадчаснай.
Як мы з хаты ранкам выяжджалі,
Гаварыла маці-шаршаніха,
Што нядобры сон ёй ноччу сьніўся,
Быццам пэрлы ўсё яна нізала.
Ня іначай — будуць ліцца сьлёзы».
Засьмяяўся шэршань, гэтак кажа:
— «Стаў ты, коню, бабай шумадзійскай!
Я з маленства сьмерці не лякаўся,
Не збаюся і цяпер напэўна».
І паслухаў шэршня жук рагаты.
Разагнаўся, напружыўся моцна,
Скакануў ён — і сягнуў праз мора.
На высокі яр якраз патрапіў!
І сарваўся заднімі нагамі
Жук рагаты з яру — аж у мора,
З-пад капытаў паляцела гліна;
Ды скакнуў ён — і адратаваўся.
Вось які быў гэты слаўны шэршань,
Ды і конь той — чорны жук рагаты!
Але шэршню ўсё яшчэ замала.
— «Гой ты, коню, — кажа, — верны коню!
Мы скакнулі перадам праз мора,
Дык скакнём-жа праз яго і задам».
І паслухаў шэршня жук рагаты:
Разагнаўся, напружыўся моцна,
Скакануў ён — ды у час нядобры!
Грымнуў з вышы, небарака, ў мора,
Ў сіне мора разам з гаспадарам.
Так прадчасна сьмерць сваю натрапіў
Слаўны шэршань, дэлібаш адважны.
Не, нямашка ўжо такіх юнакаў.

Увагі[правіць]

238. Сэрбская. „Сьмерць шэршня“. Выдаецца з чыставога аўтографу (п. VI, IV 9), у якім верш зьмешчаны поўнасьцю, але без загалоўку. Задатаваны ў аўтографе 1915-ым г. (VI, 8, 18). Захавалася два чарнавых аўтографы этага вершу, — у папцы ХI-ой пад № 12 і ў папцы IV (IV 8, 18). З апошняга аўтографу Камісіяй узяты загаловак „Сьмерць шэршня“.
Варыянты (п. IV, 8, 18):
6Што у нас калюжынай завецца.
Затым устаўлена два радкі:
Хто ні йдзе — па берагу абходзіць,
Ці плытом-лістком яго пераплывае.
7Паглядзеў на тое слаўны шэршань
8І пасьля такія словы кажа:
10Я карміў цябе травой-мятліцай,
11Я паіў цябе расой сьцюдзёнай…
13Пераскоч на гэны бераг мора.
20Цяжкі сон сястры тваёй прысьніўся.
33З-пад падкоў пасыпалася гліна;
34Ды рвануўся ён — і перамогся…
43Скакануў — ды ў кепскую гадзіну!
44Прыгнуў ён няўдала ў тое мора…
46Так знайшоў прадчаснае скананьне…