Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
235. ⁂ Цяжкая дарога 236. ⁂ Была Інгеборг, як сасонка, страйна
Верш
Аўтар: Максім Багдановіч
1927 год
237. ⁂ Яснавокая Аніта

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СКАНДЫНАЎСКАЯ.

236.

∗     ∗

Была Інгеборг, як сасонка, страйна,
— Так вецер суворы пяе —
І горкую долю спаткала яна.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Ня слухала маткі, ня чула айца,
— Так вецер суворы пяе —
Кахала Оскара, марскога байца.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Ў чужую паехаў Оскар старану,
— Так вецер суворы пяе —
Надоўга нявесту пакінуў адну.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Шмат дзён праняслося, шмат доўгіх начэй,
— Так вецер суворы пяе —
Шмат сьлёз пралілося з дзявоцкіх вачэй.
— Шкада нам, шкада нам яе.

І весткі праз рок да Оскара дайшлі:
— Так вецер суворы пяе —
Сьпіць моцна твая Інгеборг у зямлі.
— Шкада нам, шкада нам яе.

І цяжка Оскару зрабілася жыць,
— Так вецер суворы пяе —
Ён кінуўся ў бой, каб дзяўчыну забыць.
— Шкада нам, шкада нам яе.

І вось напаткаў ён сьмяротны удар,
— Так вецер суворы пяе —
І ўмёр праз нявесту адважны Оскар.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Таміцца па ім Інгеборг без канца,
— Так вецер суворы пяе —
Няма ўсё Оскара, марскога байца.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Над морам навісла скала, як сьцяна,
— Так вецер суворы пяе —
Штодня Інгеборг там чакае адна.
— Шкада нам, шкада нам яе.

І бачыць нарэшце: з далёкіх зямель
— Так вецер суворы пяе —
Ўвесь чорны Оскараў плыве карабель…
— Шкада нам, шкада нам яе.

І кінулась, скрыкнуўшы, ў мора яна
— Так вецер суворы пяе —
І ўжо не паднялася з цёмнага дна.
— Шкада нам, шкада нам яе.

Увагі[правіць]

236. Скандынаўская. „Была Інгеборг, як сасонка страйна“. У папцы адзінаццатай (№ 11, аркуш 7-мы) поэтам зроблена нататка: „Сэрбская, Беларуская, Велікаруская, Украінская, Скандынаўская, Гішпанская, Японская, Пэрсідзкая“… Яна паказвае, папершае, тое, што вершы, якія зьмяшчаюцца ў выданьні пад № 236-242, названы самым поэтам імёнамі таго народу, насьледваньнем песень якога яны зьяўляюцца, і, падругое, — што ўсе гэтыя вершы аднесены поэтам да аднаго цыклю.
Верш выдаецца з аўтографу (п. XI, № 15) з далучэньнем апошніх двух радкоў з другога аўтографу (№ 11 тае-ж папкі). Задатованы (у другім аўтографе) 1915-м годам.
У аўтографе верш названы „Скандынавы“. Згодна з памянёнай нататкай самога поэты, Камісія гэты загаловак зьмяніла на „Скандынаўская“.