Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/232

З пляцоўкі Вікікрыніцы
231. Паўстаньне 232. Дзьве песьні
Верш
Аўтар: Юрый Канабіх
1927 год
Арыгінальная назва: Две песни (1900)
Пераклад: Максім Багдановіч
233. ⁂ Сяджу я ў турме за рашоткай гады
Іншыя публікацыі гэтага аўтара: Дзьве песьні.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




З Ю. СЬВЯТАГОРА.

232.

ДЗЬВЕ ПЕСЬНІ.

Я палямі іду на чужой старане;
Сьветла зоркі глядзяць у глухой вышыне,
Ды у цёмных садох каля самай ракі
Загарэлісь адзін за адным аганькі.
Нехта рэчкай плыве — плюск ідзе над вадой, —
Звонка песьню пяе нейкай мовай чужой.
Я палямі іду, і нявесела мне,
І гаруе душа у чужой старане.
Але гляну навокала: тая-ж зямля,
Як і ў родным краі, разьлягліся паля,
Тыя-ж зоркі гараць у глухой вышыне
На чужой старане.
А як песьню пачуў, што над рэчкай зьвініць,
Хваляй вольнай, жывой з-за курганаў бяжыць, —
Я пазнаў чагось свойскага многа у ёй:
Калісь чуў гэта ў песьнях старонкі сваёй…
Гэтак льюцца яны, гэтак ціха дрыжаць
І, паўнюткі нуды, горка плачуць, зьвіняць…
І, збудзіўшысь душой, чую ўжо з-над ракі,
Хоць і ў мове чужой, сэрцу гук дарагі.
Ціха полем іду я і думаю ў мгле:
Людзі тыя-ж і тут, што ў маёй старане;
Іх здалёку агні мяне квапяць, завуць, —
Так-жа любяць яны, так-жа песьні пяюць.
Людзям гэтым чужым у далёкім краю
Я радзімую песьню сьпяю.
Я палямі іду на раку к аганьку,
Хутка песьню у родным пяю языку.
Льецца, льецца яна, жаласьліва зьвініць,
Поўна скаргі, трывог над палямі ляціць…
І ніхто на рацэ ня шуміць, ня плыве,
І маркотную песьню ніхто не пяе, —
Бо, збудзіўшысь душой, чуюць там з-за ракі,
Хоць і ў мове чужой, сэрцу гук дарагі!..

Увагі[правіць]

232. Дзьве песьні. З. Ю. Сьвятагора. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1909 г. № 9. Захаваўся аўтограф вершу (п. VI, № 29).
Варыянты гэтага аўтографу:
2Зоркі ясныя блешчуць — гараць у вышыне…
3Вось ў зялёных садох, каля ціхай ракі
4Засьвяцілісь адзін за адным аганькі…

5 Хто-та плывець
Па уснуушай раке,
6 Гучна песьню пяець
На чужом языке.

13А як песьню пачую, што льлецца ваўной
14За зялёнай гарой над шырокай ракой, —
15Шмат я зыкаў мне зьвесных убачу у ей
16Што я чуяў у песьнях радзімых палей…

19 І праснуўшысь душой
Чую я ўдалеке
20 Сэрцу гук дарагой
Hа чужом языке.

У 21-м радку поэтам ужыта „мгле“ (зам. „імгле“), як відаць, для захаваньня разьмеру радку.
У 23-м радку „квапяць“ ужыта поэтам у сэнсе „вабяць“.