Творы М. Багдановіча (1927—1928)/I/III/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
229. ⁂ Ноч. Дождж. Нябёс імгла 230. Млоснасьць
Верш
Аўтар: Поль Верлен
1927 год
Арыгінальная назва: Langueur (1884)
Пераклад: Максім Багдановіч
231. Паўстаньне
Іншыя публікацыі гэтага твора: Млоснасьць (Вэрлен/Багдановіч).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




230.

МЛОСНАСЬЦЬ.

Я — падупаўшы Рым, каторы пазірае
На белых барбараў, на бушаваньне іх,
І стылем залатым ляніва акросьціх,
У блеску сонечным, стаміўшыся, складае.

Ў самотным сэрцы — зло, ў душы — нуда густая.
І бітвы чуючы, каторых шум ня сьціх,
Ня можа, кволы, ён дайсьці жадань сваіх,
Ня хоча рушыцца, жыцьця не аздабляе!

Ня можа, кволы, ён, ня хоча на’т сканаць!
Ўсё зьведана! Бахіль, ты скончыш сьмех? Даволі!
Ўсё зьведана! Няма чаго прамовіць болі!

Адно ёсьць, — вершыкі, што ўжо ў вагні гараць,
Адно ёсьць, — п’яны раб, што вас не паважае,
Адно ёсьць, — пусткі сум, што сэрца уражае.

Увагі[правіць]

230. Млоснасьць. Перадрук з „Нашае Нівы“ 1913 г., № 47. Пераклад вершу P. Verlaine „Lanqueur“ з разьдзелу „Jadis et naguère“.
У 10-м радку ў „Нашай Ніве“ была выдрукавана „Бахіль“, у францускім тэксьце стаіць „Bathylle“.