Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/314

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ПАСТУШКА

Будзіць матка сваю дочку:
„Ўстань, дачушка залатая!
Унь і сонейка з лясочку
На пасьцельку заглядае.

Ўстань, паслухай, як у лесе
Сьвішчуць пташкі і гамоняць.
Вераб‘і крычаць на стрэсе
І сьмяюцца з цябе, соні…

А як цёпла, каб ты знала.
Мёду пах ідзе ад грэчкі…
Ўстань!.. а ўчора-ж ты казала —
Буду пасьвіць я авечкі!

Ну, дачушка, не лянуйся!
Выжань іх на прорасьць нашу…
Ўстань, умыйся ды абуйся —
Трэба-ж выгнаць іх на пашу“.

Ўстала дзяўчынка малая.
Плача, сеўшы на пасьцелі,
І авечкі праклінае:
„А, каб іх ваўкі паелі!“