Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/302

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Уплыў месячык за горы,
Чуць мігалі зоркі.
Вось Алесь прычхаў дадому,
Стаў на прыгуменьні.
Страшна ў хату йсьці малому —
Гора-утрапеньне!
Што рабіць тут, не згадае.
Мо‘ назад вярнуцца?..
Плача хлопчык, аж рыдае,
Сьлёзы так і льюцца.
Вышла матка, плач пачула,
Бачыць — іх служака!
Матку жаласьць агарнула —
Шкода небараку!
— Што-ж ты плачаш? ідзі ў хату…
Ня плач, супакойся.
— Ой, баюся, мама, таты!
— Ня зьесьць ён, ня бойся! —
Бацька ўстаў і абуваўся.
Зірк — Алесь у хаце!
Бацька толькі засьмяяўся.
— Ты ўжо дома, браце?
Той калоціцца ўсім целам,
Як-бы грэшнік страшны,
Думаў ён, што ў сьвеце цэлым
Ён — самы няшчасны.
Апусьціў сваю галоўку,
Клуначак трымае,
Кулачком у ціхамоўку
Сьлёзкі выцірае.