Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/282

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

„Ну, яшчэ-б мінут з дзесятак!..
Божа, памажы нам!“
Зірк — Алесь з усіх лапатак
Чэша, як пружына!

Глянуў Костусь — дзядзька ззаду
З цэпам прэ бяз духу!
— Галаву скручу я, гаду!
Я цябе, псяюху!

Гоніць дзядзька хлопца, лае
Жорсткімі славамі,
Алесь пазухі трымае,
Драбязіць нагамі, —

Сыпле дробна — што малому?
Дзядзька стаў хістацца.
Ды і дзе з малым старому
Ў беганцы зраўняцца?

Шмыгануў Алесь у хвойнік,
Даўшы два-тры кругі.
— Я-ж табе, нябось, разбойнік!
Я-ж вам дам, зладзюгі! —

І пачаў сваё літаньне
З цэпам сярод поля:
— Каб вам шчасьця ані званьня,
Ліха вашай долі!