Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/264

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ГОРКАЯ ДОЛЯ

З нашым шчасьцем-доляй
Выйсьці ў людзі брыдка…
А бадай ты спрахла,
Гэтакая жытка!

Засадзілі ў клетку,
Волю адабралі,
Вобраз чалавечы
Ў гразь яны ўтапталі.

Лічыш дні і тыдні —
Горка ты, няволя!
А каб ты прапала,
Гэтакая доля!

І марнееш сам ты,
Траціш марна годы,
Хочацца прастору,
Хочацца свабоды.

Эх, жыцьцё, жыцьцё ты!
Ночка ты, нянасьце!
А каб ты-ж згарэла,
Гэтакае шчасьце!