Старонка:Zbor t1v1 1928.pdf/254

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

ДОЛЯ БАТРАЧКІ

Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну,
Выпраўляючы, хавае
Горкую сьлязіну.

— Будзь паслушная, дачушка, —
Навучае матка:
— Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!

Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою.
Твая доля цямней ночкі —
Цяжка быць слугою!

Бо ня ўважыць чужаніца
Ручак тваіх белых,
Поту выльлецца крыніца
З шчочак загарэлых.

Ўстанеш летам раней зоркі,
Пойдзеш перша ў поле…
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!