Старонка:Vershy dlia dziacej 1945.pdf/10

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Не хадзі гуляць на горку —
Там бяда цябе чакае,
Сам не ведаеш, якая.
Асцярожненька хадзі,
За Савосем ты глядзі,
Бо Савось замысліў штось,
Нездарма з ім і Антось.
Затаіўся у кутку
Наш Савось і катку
Замаўляе зубы
Для кацінай згубы:
— Ах ты, коцічак мой!
Які файны ты, ой!
Што за спіначка!
Ну, карціначка!
Ідзі, коцік, да мяне,
Не пакрыўджу цябе, не!
А якія вочкі!
Бачаць сярод ночкі.
А якія лапкі!
Ды як яны цапкі!
Ах ты, мой каточак,
Чорненькі насочак!
Ідзі-ж, коцік, да мяне:
Не пакрыўджу цябе, не.
Яўкнуў коцік, выгнуў спінку,
Хвост падняў, як корбу,
Але ў тую-жа хвілінку
Шусь каток у торбу.

IV

І панеслі катка ў поле.
А там чыста — ні кусточка,
Ні хваінкі, ні дубочка,
Адны межачкі ды ролі.