Старонка:Taraskievic.Vybranaje.pdf/150

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

55. толькі каб ты не загінуў бы, здужаны сілай Ахіла.
Ну, дык сыночку ты мой, увайдзі за муры ўжо, бо мусіш
быць абаронцам траян і траянак, каб славы не даці
сыну Пелея ды мілай душы і жыцця не згубіці.
Ўрэшце падумай і злітуйся хоць нада мной над няшчасным
60. бацькам, якога змушае Зявес на парозе магілы
вынесці столькі згрызот і пабачыці гэтулькі гора:
як забіваюць сыноў і як цягнуць дачок у няволю,
апусташаюць каморы і дзетак маленькіх нявінных
вобзем кідаюць і б’юць, азвярэўшай у лютым змаганні,
65. бачыць, як цягнуць сыноў маіх дзікія воі ахеян.
Сам я апошні паду, і мяне на парозе сабакі
жадныя там разарвуць, калі нехта вастрэннаю меддзю
тне ці прапора мяне, з суставаў мне выжане духа:
тыя сабакі прыдзверныя, што пры бяседах карміў іх,
70. піць маю кроў яны будуць, a после, напіўшыся, лягуць
з сумнай душою у сенях. Прыгожа ляжаць маладому
нават забітаму востраю меддзю ў баі-ваяванні:
хораша ўсё у яго, на што толькі вачмі не паглянеш;
але сівую калі галаву, бараду й срамаценне
75. ў мужа забітага злыя сабакі крамсаюць і бэсцяць,
то ўжо за гэтае горай і ў марных людзей не бывае».
Гэтак стары гаварыў і, схапіўшы рукамі за голаў,
рваў валасы, але просьбамі Гектара не перайначыў.
80. Маці і тая таксама давай галасіць-прымаўляці,
грудзі яна расхінула рукою і, ўзяўшы адну з іх,
плачучы слёзна, казала такія крылатыя словы:
«Гектар, дзіцятка маё! ушануй ты хоць гэта, мей літасць
хоць нада мной, што грудзьмі ціхамірыла плач твой дзіцячы;
мілы сыночку, успомні ты гэта й гані Ахілеса
85. згэтуль, схаваўшыся ў горад, не йдзі на яго адзінокі,
бо як заб’е ён шалёны цябе, то не ўдасца й аплакаць
мілую родную краску на марах ні мне ані жонцы
дужа пасажнай: ад нас ад абодвух няшчасных далёка
пры караблях пры ахейскіх з’ядуць цябе злыя сабакі».
90. Гэтак абое яны прамаўлялі да мілага сына
й вельмі прасілі, a не перайначылі Гектара духа:
стойка стаяў і чакаў ён на бой Ахілеса страшнога.
Так, як дракон, што у горнай нары чалавека чакае,
зелля благога нажоршыся, з ярасцю й злосцю страшною,