Старонка:Spadchyna.pdf/217

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 215 —

НА ЎСЕ РУКІ.

Ён з начальствам знае дзела:
Парасейску валіць сьмела;
Ліжа, выйшаўшы за вёску,
Ласку панскую папольску.
Нават жыду—ў доўг як просе—
«Гутэ-моргэн!»—буркне ў носе.
Калі-ж сядзе у катузку,
Ўсіх кляне пабеларуску.


* * *

Днём і ночкай працаваў ён
І за хатаю, і ў хаце,
А памерці як прышлося,
Ня было ў чым пахаваці.


ЭПІГРАМА НА САМОГА СЯБЕ.

Завуць мяне Янук Купала,
З бяды я песенькі складаю,
Пазнаў людзей і сьвет ці мала,
Вось дзе радзіўся, дык ня знаю!


* * *

Жыў музыка Налім,
Крэпкі быў, як тапор,
„Полькі“ граў ён людзём,
А сам з голаду ўмёр.

Гэткі самы цяпер
Атрымоўвае дар
За заслугі свае
Не адзін наш пясьняр…