Старонка:Spadchyna.pdf/181

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 179 —

І толькі упоўнач адзін раз у год
Карчма ажывае на міг:
Музыка іграе, гамоніць народ,
Кружыць за кяліхам кяліх.

І ў саму гульню, наганяючы жах,
Зьяўляюцца госьці туды:
Стары—з тапаром у кастлявых грудзях,
На шыі з пятлёй—малады…

13/XI—18 г.

|}


II. ЗАБЫТАЯ КАРЧМА.

Ля дарогі, ля далёкай,
Каля крыжавой,
Сьпіць карчма там адзінока
З злупленай страхой.

Пахілілась на старонку,
Прылягла к зямлі;
Невясёлыя карчомку
Думы прыгнялі.

Аб мінуўшай славе, дзівах—
Як была п’яна,—
Аб дзянькох былых, шчасьлівых
Думае яна.

Як ня думаць пра былое,
Поўнае прыкрас!
Перайшло, і ўжо ня тое,
Ўжо ня той, ох, час!

Калісь гоманам шумела,
Людна ў ёй было,
Падарожных многа мела,—
Ўсё ня раз сяло.

І жылося, і вялося,
Гэй, інакш карчме!—
Рэха рогату няслося
Ўлетку і ўзіме.