Старонка:Spadchyna.pdf/174

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная
— 172 —

«БРАТКА І СЯСТРЫЦА».

(З народнага).

Ой, у лузе у зялёным,
Каля быстрай рэчкі
Маладзенькая дзяўчына
Пасьціла авечкі.

Залатое сонца з неба,
Грэла, спаць гарнула,
Аж пастушка у цянёчку
Лягла і заснула.

Па гасьцінцы жаўнеранька
Зьнекуль заблудзіўся,
Ён к дзяўчыне маладзенькай
З сядла нахіліўся.

«Ўстань, галубка, маё сэрца,
Годзе спачываці,
Кладзі ножкі у страмёна,
Будзем вандраваці!»

Уставала, маладзенька,
Ножкі ў стрэмя клала,
І з малойчыкам удалым
У сьвет вандравала.

Едуць поле і другое,
Ўзьехалі на трэцьце,
Пад дубочкам, пад махнатым
Селі пасядзеці.

Прытуліўся жаўнеранька
Да грудзей дзявочых,
Абымае і цалуе
Губанькі і вочы.

Гэтак песьцячы галубку,
Стаў яе пытаці:
«Скуль, дзяўчынка, будзеш родам,
Хто твой бацька, маці?»