Тымчасам да ганку пад’яжджае брычка і ў залю ўваходзіць ксёндз, а сьледам за ім стары Мацей з Пагнэмбіна.
— Дзень добры! дзень добры! — выгукваюць сабраныя. — На чыім баку большасьць?
Ксёндз з мінюту маўчыць і затым моцна заяўляе:
— Выбраны Шульбэрг!
— Як? Што сталася? Якім чынам? Дворны казаў, што выбраны пан Яжынскі. Што сталася?
У гэтую мінюту пан Яжынскі выводзіць з залі сваю жонку, якая ледзь стрымліваецца ад сьлёз.
— О, няшчасьце! няшчасьце! — паўтараюць прысутныя, хапаючыся за галовы.
У гэтую мінюту з боку вёскі далятаюць нечыя вясёлыя выгукваньні. Гэта пагнэмбінскія немцы гэтак радасна трыумфуюць сваю перамогу.
Пан і пані Яжынскія ізноў вяртаюцца ў залю. Чутно, як каля дзьвярэй Яжынскі кажа жонцы: „Il faut faire bonne mine.“ Маладая гаспадыня ўжо ня плача. Вочы ў яе сухія і толькі твар моцна гарыць.
— Скажэце-ж цяпер, як гэта здарылася? — спакойна пытаецца гаспадар.
— Як-жа ж магло ня здарыцца, — заяўляе стары Мацей, — калі й тутэйшыя пагнэмбінскія мужыкі падалі галасы за Шульбэрга.
— Хто такі?