Старонка:Gamalija.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як звычайна, запарожцы,
Плывучы, спяваюць:

"Атаман наш Гамалія,
Атаман заўзяты,
Сабраў хлопцаў ды паехаў
Па моры гуляці;
Па моры гуляці,
150 Славы здабываці
Ды з турэцкае няволі
Братоў вызваляці.
Ой, прыехаў Гамалія
Да тае Скутары.
Сядзяць браты-запарожцы
Ды чакаюць кары.
Ой, як крыкнуў Гамалія:
"Браты! будзем жыці,
Будзем жыці, віно піці,
160 Янычара біці,
А курэні кілімамі,
Аксамітам крыці!"
Выляталі запарожцы
Ў поле жыта жаці;
Жыта жалі, ў копы клалі,
Гуртам заспявалі:
"Слава табе, Гамалію,
На ўвесь свет вялікі,
На ўвесь свет вялікі,
170 На ўсю Украіну,
Што не даў ты запарожцам
Згінуць на чужыне!"

Плывуць, спяваючы; плыве
Узбоч заўзяты Гамалія:
Арол арлёнкаў сцеражэ.
А з Дарданелаў вецер вее.
Няма пагоні з Візантыі:
Яна баіцца, каб Чарнец
Не засвяціў ізноў Галату,
180 Каб з войскам не прыйшоў у сваты
К ёй сам Падкова-удалец.