не зводзіў вачэй чалавек. Ён вельмі пільна выглядаў фурманкі і людзей на іх. Ён глядзеў на іх, аж пакуль яны не схаваліся недзе на Скуратовічавым хутары. Тады ён развалістай паходкай рушыў у глыб лесу. Там ён стаяў, прыпёршыся да дрэва, і гаварыў:
— Можна было б думаць, што гэта дэзерціраў шукаюць, але чаго з салдатамі прадразвёрсны камісар едзе? А калі ён едзе глядзець, колькі браць развёрсткі, дык нашто яму гэтулькі салдат?
— Можа, гэта не прадразвёрстчык? — пачуўся голас з-пад куста.
— Ён, я яго пазнаў.
— А куды яны паехалі?
— На ваш хутар. — Тут ён зірнуў пад куст, дзе камячыў губамі недакурак Толік Скуратовіч. Усхапіўшыся, Скуратовіч сказаў:
— Нашто яму салдаты? Як вы не можаце здагадацца? Тады ўночы, некалькі дзён таму, як я хадзіў дадому па хлеб, бачыў і чуў, як на наш хутар прыязджала іх цэлы атрад — дэзерціраў шукалі. Мяне шукалі! Я стаяў пад грушаю ў полі і слухаў. Значыцца ведаюць, што я не іду ў іхняе войска і хаваюся. А калі яны цяпер паехалі па развёрстку, то думалі: дзе ёсць дэзерціры, то там могуць і развёрсткі не даць. Чулі?
— А чаму ім канешне так думаць? — падаў голас нейкі баязлівец.
— Дурань ты! Чаму ім не падумаць, што мы ім можам галовы паскручваць!
Пасля маўчання яшчэ голас:
— Чыя чарга сёння па хлеб ісці?
Гэта ўсё іхні баязлівец стараўся трымацца мірнага тону. Толік Скуратовіч гарнуў сваё:
— Нам трэба падацца бліжэй да дарогі. Ідзе ноч. Пры дарозе быць трэба: можа, каго бараніць прыйдзецца.
— Каго?
— Можа, ужо майго бацьку аграбілі?
— Чаму там раптам?
— Аграбяць і твайго, не бойся ты гэтак.