Старонка:Beznazounae.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Б‘ЮЦЬ НА ТРЫВОГУ ЗВАНЫ…

Б‘юць на трывогу званы,
Клічуць да новай вясны,
К Новаму богу завуць,
Б‘юць на трывогу званы,
Б‘юць, б‘юць!..

Час ужо браць тапары,
Косы кляпаць да зары,
Покі ў грудзях жар ня згас,
Час ужо браць тапары,
Час, час!..

Рэж на дарозе дзярно,
Што ногі раніць даўно,
Ў глыб запускай свой лямеш,
Рэж на дарозе дзярно,
Рэж, рэж!..

Крыж прад вачамі стаіць,
Крыж абвіла помсты ніць,
Процьма удоўжкі і ўзвыш,
Крыж прад вачамі стаіць,
Крыж, крыж!…