Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

але гэта ім не ўдалося. Тады Рушчыц прымушаны быў групу распусьціць.

Што датычыць наогул паўстанскага руху на Меншчыне, то аб ім Менскі губэрскі жандарскі штаб-афіцэр у сваім данясеньні на імя начальніка III аддзелу ўласнай царскай канцылярыі ў палове жніўня піша:[1] „Революцинонное движение по Минской губернии вследствие принятых строгих мер наружно утихает. Мятежники еще украдкой показываются малыми шайками по уездам — Минскому, Игуменскому, Борисовскому и Пинскому, и если войска не успеют их истребить, то первые морозы положат конец их кочеванию по лесам". Асноўная памылка жандара ў тым, што спад паўстанскай хвалі ён тлумачыць выключна „принятыми строгими мерамі. Але трэба згадзіцца з апошняю яго заўвагаю, што зімовыя маразы мелі вялікі ўплыў на спыненьне паўстанскага руху як у Меншчыне, так і ў іншых мясцовасьцях Беларусі. Што датычыць Магілёўшчыны і Віцебшчыны, то тут паўстанскі рух амаль-што замёр. У Магілёўшчыне пасьля Горы-Горацкай катастрофы ішлі жорсткія рэпрэсіі. Працавалі сьледчыя камісіі і выпраўлялі абвінавачаных каго ў турму, каго ў выгнаньне, каго на катаржныя работы, каго на эшафот. У Магілёве 6 чэрвеня 1863 году былі расстраляны начальнікі наўстанскіх груп — падпаручнік Корсак, прапаршчыкі браты Манцэвічы і шляхціч Анцыпа. Сялянства ў Магілёўшчыне ў масе не зразумела паўстаньня і адносілася да яго ці пасіўна, ці нават воража актыўна. Толькі ў Аршаншчыне, Рагачэўшчыне і Мсьціслаўшчыне былі выпадкі падтрыманьня паўстаньня сялянамі. Дзякуючы гэтаму, у Магілёўшчыне даволі доўга трымаюцца дзьве невялікія паўстанскія групы: адна ў Рагачэўшчыне, другая ў Аршаншчыне. Раней была ліквідавана Рагачэўская паўстанская група, на чале якой стаяў Тамаш Грыневіч. Грыневіч папаў у палон і быў расстраляны ў Рагачэве 16 ліпня 1863 году. Аршанская паўстанская група, на чале якой стаяў Будзіловіч, яшчэ некаторы час трымалася. Урэшце і яна была ліквідавана, і начальнік яе, Будзіловіч, 28 жніўня быў таксама расстраляны ў Оршы. Абодвы прыгаворы былі выкананы публічна з вялікай „урачыстасьцю".

У Віцебскай губэрні пасьля Дынабурскай паўстанскай катастрофы рух прыпыніўся. Сюды часам заходзілі паўстанскія групы з суседніх губэрань, але, дзякуючы варожым адносінам да паўстанцаў сялян, доўга трымацца не маглі. Перад намі данясеньне[2] Віцебскага жандарскага губэрскага штаб-афіцэра ад 10 верасьня 1863 году на імя шэфа жандараў Доўгарукава. Штаб-афіцэр піша: „Вашему сиятельству известно, что революционные действия в Витебской губернии сравнительно были незначительны, а появившиеся во второй

  1. Інбелкульт. Польскі Аддзел. 1863 год на Меншчыне..., ст. 43
  2. Збор докумэнтаў т-ша Я. Віткоўскага. Папка: „О беспорядках в Царстве Польском и в Западных губерниях. Общие сведения по Витебской губернии“.