Ня папе рымскаму служу
І не „сьвяцейшаму“ сыноду!
Я аддаю сваю душу
Свайму няшчаснаму народу!
І маіх песень судзіць сказ
Ня вам, ня вам, хрыстапрадаўцы!
Бо той, што прыдзе, лепшы час
На вас пятлю наложыць, здрайцы!
Вы ўсё на свой манер, капыл
Жадалі-б зьвесьці, атуманіць,
Жывых усіх на трупоў з магіл
Перахрысьціць і апаганіць.
Лет сходзіць тысячы дзьве ўжо,
Як вы гандлюеце Ісусам,
І ўсё ў пятлю — нутром вужоў —
Цягнуць жадаеце прымусам.
Вы — для вітаньня ў чорнай хвале,
Для мітраў, персьняў і тыяраў —
„Інакомысьлячых“ каралі
Крывёй, крыжамі і пажарам,
Свабодзе, брацтву і сьвятлу
Калісь мо‘ звалі вас на службу, —
Вы-ж крывапіўцам, срэбру, злу
Запрадаліся ў вечну дружбу.
І вы свой важыцеся суд
Свабоднай думцы выдаваці,
Вы, што ўзьвялі ў сьвятасьць кнут,
Сябе зьмяніўшы на пракляцьце?!
1911 г.
|