Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

СЫМОН

Я і чакаю закону: суд будзе, і праўда верх возьме.

ПАНІЧ

Каб за табой праўда была, то не сядзеў-бы гэтак пад голым небам.

СЫМОН

Нашто-ж нас да гэтага давёў? Нашто хату раскідаў?

ПАНІЧ

Бо з майго лесу была пабудавана.

СЫМОН

А хто будаваў гэтай вось сякерай? (Трасе сякерай).

ЗОСЬКА

(Становіцца між панічом і Сымонам)

Братачка! Адна сякера пабудавала, а другая раскідала, — пры чым-жа тут паніч? Ён яе ніколі і ў рукі не бярэ. (Уваходзіць ДАНІЛКА).

ЗЬЯВА VIII

ТЫЯ-Ж І ДАНІЛКА

ДАНІЛКА

(у старану)

А бач! І панічок прышоў к нам у госьці! Толькі чым мы яго пачастуем? (Да ПАНІЧА). Пахвалёны Езус, панічу! А я маю да цябе важны інтэрас: пазыч ты мне жыл на струны і конскага хваста на смык, бо іскрыпку сваю зараз такі змайструю, а іграць ня будзе як. Пазыч, панічок! Як разбагацеюся, тады аддам.

СЫМОН

Ты-б ляпей сабе вяроўкі на пятлю папрасіў — гэтага скарэй у людзей дастанеш.

ПАНІЧ

Табе-б з ахвотай яе пазычыў…

СЫМОН

(панура)

Так, як і бацьку.

ЗОСЬКА

Панічок, ня крыўдуйце на яго! Ён не такі нягодны, як хоча паказацца. Ён з часам пераменіцца і будзе табе служыць, ох, як верна служыць! Тваё полейка араць, тваіх коні-