Старонка:Янка Купала. Збор твораў (1925–1932). Том 3.pdf/296

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

УСЕ

Ну?

ВУРАДНІК

Дык як дзела абстаіць?

СОЦКІ

А так, ваша бродзіе: учора пад вечар Трахім і Максім выпівалі…

МАКСІМ

(паказваючы на Трахіма)

Ён болей, ваша бродзіе.

ТРАХІМ

(паказваючы на Максіма)

Каб ён толькі дыхаў! Я з чарачку можа выпіў, а ён усё вытрубіў.

ПАЛАНЕЯ

Каб не Трахім, то мой і ніколі-б ня піў.

ДАМІЦЭЛЯ

Мой-жа бы ніколі і не панюхаў, каб ня гэты зьвядзісьвет, Максім яе!

МАЦЕЙКА

Мой татка і яе (паказвае на КАЦЯРЫНКУ) татка п‘юць гладка — лепей яшчэ, як мы з вамі, ваша бродзіе!

ВУРАДНІК

Маўчыце ўжо вы! Хай адзін гавора!

СОЦКІ

Дык, значыцца, яны выпівалі і выпівалі. Пасьля я йду вуліцай, дык яны й мяне паклікалі.

ВУРАДНІК

І цябе?

СОЦКІ

Але, ваша бродзіе. Я — чалавек падатлівай натуры, ды, у суседзтве жывучы, мусіш з усім гадзіцца. Ну, значыцца, мы…