Старонка:Як усьцерагчыся ад сыфілісу.pdf/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

гусьцей высыпка бывае на бакох грудзей і жывата. На твары высыпкі ня бывае. Часамі высыпка бывае такая малая, што хворыя не зьвяртаюць увагі або зусім не прыкмячаюць яе. У адных выпадках высыпка праз некалькі дзён зьнікае, а ў другіх — трымаецца некалькі месяцаў.

Адначасна з высыпкай, хворы адчувае боль галавы (асабліва ўначы), слабасьць, ламоту ў касьцях і суставах. Вылазяць валасы ў розных мясцох галавы і ўтвараюцца маленькія лысінкі. Праз нейкі час валасы ізноў адрастаюць.

Далей аб‘яўляюцца ў падпахах, вакол кутнічнай дзіркі, а ў жанчын і пад грудзямі — балячкі, з якіх цячэ пасака. Падобныя балячкі зьяўляюцца ў роце, у горле і нават у дыхніцы, ад чаго голас у хворых робіцца сіпаты.

Усе гэтыя высыпкі і балячкі праз нейкі час зьнікаюць, а пасьля зноў аб‘яўляюцца. Агульнае здароўе ўсё болей і болей руйнуецца, але час-ад-часу хворы як-бы папраўляецца і чуе сябе лепей.

Гэтак справа цягнецца два альбо тры гады. Але далей сыфіліс пачынае ўзмацняцца, пачынае хутка і моцна руйнаваць здароўе і ўрэшце вядзе чалавека да сьмерці.

Зьяўляюцца вопухі па ўсім целе: у касьцях, у мясе, у скуры, у носе, у печані, у лёгкіх, у вачох і мазгох.