Уршуля. Пойдзем! пойдзем! (пайшлі скакаць).
Зьява 16.
Мяшочак і Гаўдэнт.
Гаўдэнт (уваходзіць з самоварам, дзьмухае ў яго, пасьля ставіць на стале). Я тут увесь час тапчуся на кухні, як кухарка якаясь, а яна вось якія штукі майструе! Пачайкай-жаж! Гэтага я не пазволю! Няхай гэта будзе ня толькі граф, а навет сам губарнатар, а я не пазволю! (ідзе ў той пакой, дзе скокі).
Зьява 17.
Мяшочак, пасьля Гаўдэнт і Магдалена.
Мяшочак (пераварачваецца на другі бок і праз сон нешта бармоча).
Гаўдэнт (уваходзіць, цягне Магдалену за руку).
Магдалена. Ну, пусьці! Чаго хваціў як вар’ят за руку?
Гаўдэнт. Я цябе пытаюся, што ўсё гэта значыць?
Магдалена. Ну чаго дурыш? Што значыць?
Гаўдэнт. А вось чаго ты прыклеілася да гэтага графа?.. Глядзі ты мне!
Магдалена. А гэтага-ж што такое?! Ты пьяны, ці што? Хто прыклеіўся? Ён танцуе са мной, бо я найляпей за ўсіх танцую, а яны ўсе як козы скачуць.
Гаўдэнт. А куды гэта ён прасіў цябе прыйсьці, га? На рандаву? Я табе пакажу рандаву!