Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/87

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Залыпалі блудные вочы,
Мільёны уздохаў ляціць,
Сава не заціхне—рагочэ,
Крыламі кажан шапаціць…
Сьлед костачкі сьцелюць—услалі,
Здаецца, ўжо час аддыхнуць,
Надойдзе-ж хай толькі Купальле—
Мільёны па кветку бягуць!..

|}



На Купальле.

На Купальле на святое
Рвій, матуля, зельле тое,
Што ў нас папараць завецца!
І шчасьлівым быць здаецца!
Як нарвеш яго даволі
Ў цёмным лесе, ў чыстым полі,—
Палажы за абразамі,
Пасьвянці сваймі сьлезамі…
Двойчы, тройчы—а крапліста—
Злій сьлязою брылянцістай
І чэкай з яго прыплоду
Ад усходу да заходу…
Як із зельля глянуць кветкі,—
Будуць шчасьце меці дзеткі,
Будзем, маці, меці ў хаце
Долю, згоду і багацьце!..



Жніво.

Насьпелая постаць шчасьлівых пасеваў
За вёскай, на сонным лясоў рубяжы,
Зсівелы ўжо колас схінула к мяжы
У сумным шэптанні: «дзе, жнеі мае, вы?»

І жнеі зыйшліся.—На-права, на-лева,
Кладучы ў снапы каласы-старажы,
Зашасталі глуха сярпы, як нажы,
Пад жніўные вечна-старые напевы.