Старонка:Шляхам жыцьця (1913).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Як спытаюцца нас.

Прыдуць людзі з Усходу,
Прыдуць с Захаду людзі
І спытаюцца нас:
Скуль, якога вы роду?
Дзе земля ваша будзе,
Дзе айчызна у вас.?
Мы ля плота, пад плотам
Паглядзім, пашукаем,
Які даць тут атказ,
І аткажэм: Э, што там…
Мусіць бабскім звычаем
Зьбегла ў прочкі на час.



Дзе вы?..

Дзе вы, хлопцы непакорные,
Дзе вы з песьняй удалою,
Як на поле, на прасторнае
Вы хадзілі грамадою?
Ці пашлі вы у далёкую
У старонку, у чужую;
Ці ляглі вы, адзінокіе
У магілку, у сырую?
Дзе вы, песьні, дзе свабодные?
Дзе ваш одгалас магучы,
Як вы звалі сыны родные
Да тэй працы, да кіпучай?
Ці замёрлі вы нячутымі
Серад лесу, серад поля;
Ці і вас скавалі путамі,
Ці і вас змагла няволя?
Гэй, ня відна друга сільнаго,
— Сьпіць. Хто-ж сон яго ўстрывожэ?
Гэй, ад енку, ад магільнаго
Песьня вырвацца ня можэ!..